Мая «Белая Русь». У Ляхавічах прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі

Дэлегацыя ТЦСАН на канферэнцыі – адна з самых прадстаўнічых.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” не трэба прадстаўляць – адно з самых буйных і ўплывовых, яно  пастаянна на слыху і ў гушчыні падзей. З дня ўтварэння, вось ужо дзесяцігоддзе гучна і ярка заяўляе пра сябе маштабнымі сацыяльнымі праектамі і  дабрачыннымі справамі. “З “Белай  Руссю” ў будучыню”, “Белая Русь” упрыгожвае Беларусь”, “Белая Русь” – за здаровы лад жыцця”, “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей” – толькі частка  праектаў, якія адлюстроўваюць сутнасць дзейнасці аб’яднання.

Ляхавіцкая  раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання  налічвае  ў  29 пярвічках  829 нераўнадушных і ініцыятыўных  землякоў – педагогаў, дзяржслужачых, медыкаў, сацыяльных работнікаў, індывідуальных прадпры-мальнікаў  і прадстаўнікоў іншых прафесій.  Найбольш шматлікае  членства ў ёй –  аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (старшыня пярвічкі Іна Зубік). Пярвічкі СШ №1 (Таццяна Пілінога),  СШ №2 (Наталля Кудраўцава), гімназіі (Ірына Карпік), тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (Наталля Ісаханава) і іншыя вызначаюцца  не толькі масавасцю, але і актыўнасцю, стараюцца прыцягнуць увагу да праблем грамадства,  прапануюць  шляхі іх вырашэння, рэалізуюць ініцыятывы. На раённай справаздачна-выбарнай канферэнцыі, што прайшла ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры, пра работу раённай арганізацыі гаварыў яе старшыня Леанід Калбаса. Ён адзначыў, што за час існавання “Белая Русь” вырасла і колькасна, і якасна. Грамадскае аб’яднанне   вырашае  праблемы землякоў, ахоплівае клопатам розныя катэгорыі насельніцтва.  Сталі традыцыйнымі  дабрачынныя акцыі па аказанні дапамогі інвалідам і  дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У цэнтры ўвагі – ветэраны і пажылыя людзі. У  кастрычніку мінулага года харчовыя  наборы ад пярвічкі, створанай у ТЦСАН, атрымалі  землякі, якія перасягнулі 100-гадовую мяжу. “Белая Русь”  падтрымлівае школьнікаў – пераможцаў прадметных алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, выступае за здаровы лад жыцця, цесна супрацоўнічае з моладдзю. Свята шануе гісторыю і памяць – да юбілею Перамогі за сродкі раённай арганізацыі рэканструяваны 2 помнікі воінам-вызваліцелям.
Ніякая адметная дата, значная грамадска-палітычная падзея не  абыходзіцца без удзельнікаў у  белых шаліках  з пазнавальным лагатыпам.  Але члены “Белай Русі” не замяняюць дабрачынныя арганізацыі ці прафсаюзы, яны працуюць на грамадства вакол задач развіцця нашай дзяржавы.  “Белая Русь” займае актыўную пазіцыю і  ў палітычным жыцці краіны, ва ўсіх выбарчых кампаніях. Грамадская прыёмная “Белай Русі”  паступова становіцца не толькі месцам звароту грамадзян за вырашэннем праблем, але і цэнтрам агітацыйна-прапагандысцкай работы з насельніцтвам. За справаздачны перыяд сюды звярнуліся за кансультацыяй і дапамогай амаль 80 нашых землякоў.
На прынцыпах сяброўства і ўзаемадзеяння будуюцца ўзаемаадносіны гэтай арганізацыі з ветэранскай, прафсаюзнай, членамі БРСМ, Камуністычнай партыі  Беларусі, Беларускага саюза жанчын.
Леанід Калбаса перакананы, што ёй па сілах вырашыць  яшчэ  мноства  задач, ёсць куды імкнуцца і куды расці. У прыватнасці, сярод іншых пунктаў пастановы канферэнцыі – актыўная дзейнасць па працаўладкаванні беспрацоўных і іншыя пытанні.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла, што  шматлікія добрыя справы і  ініцыятывы арганізацыі сведчаць: членства ў “Белай Русі”  не фармальнае і не дзеля птушачкі.
Намеснік Брэсцкай абласной арганізацыі Васілій Лашч уручыў грамату абласнога савета  члену прэзідыума савета раённай арганізацыі  Святлане Якубоўскай, падзячныя пісьмы – старшыням пярвічак СШ №1 Таццяне Пілінога  і ТЦСАН Наталлі Ісаханавай.
Адзначаны граматамі раённай арганізацыі і падарункамі і іншыя актывісты. Яе дзейнасць ацэнена станоўча, а Леанід Калбаса аднагалосна зноў абраны на пасаду старшыні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *