Зялёная дарога маладым

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з’яўляецца не толькі самай масавай маладзёжнай арганізацыяй краіны, але і самай запатрабаванай і ўплывовай. Разнастайныя акцыі і мерапрыемствы, шырокамаштабныя праграмы, конкурсы і форумы, злёты і спартыўныя спаборніцтвы, актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці – далёка не поўны пералік інтарэсаў бээрэсэмаўцаў. Важным накірункам работы з’яўляецца прыцягненне ў рады БРСМ  новых членаў – актыўных, энергічных, творчых, заўзятых.

Як расказала першы сакратар РК БРСМ Ларыса Юшкевіч, цяпер 1236 маладых землякоў аб’яднаны ў 67 пярвічак, якія дзейнічаюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях,  сельскагаспадарчых кааператывах, навучальных установах раёна.  Самая масавая пярвічка – у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным  каледжы, у яе складзе  368  юнакоў і дзяўчат.

Актывісты БРСМ – ініцыятары і арганізатары шматлікіх новаўвядзенняў у грамадскім, культурным, спартыўным жыцці маладых ляхавічан, арганізацыі  вольнага часу. Бээрэсэмаўскія лідары  актыўна ўплываюць і на вытворчы працэс, ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй і кіраўніцтвам устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый клапоцяцца пра бытавыя ўмовы работнікаў, іх прафесійны рост, захаванне патрабаванняў аховы працы, вырашэнне жыллёвага пытання. Аўтарытэтна  зарэкамендавалі сябе сакратары пярвічак  Ірына Няхай (СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”), Ганна Тупік (райветстанцыя),  Андрэй Жураўскі  (РАНС),  Алена Новаш  (КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”), Іна Якубец (райпо), Юлія Дабравольская (ДП “Нача”), Вольга Равінская (СВК “Тальмінавічы”).

Апошнім  часам у многіх пярвічках адбыліся справаздачна-выбарныя сходы, і на змену вопытным сакратарам, якія выйшлі з бээрэсэмаўскага ўзросту, прыйшлі маладыя, але не менш апантаныя і мэтанакіраваныя лідары.

Пасля пэўнага перапынку аднавіла сваю дзейнасць пярвічная арганізацыя БРСМ ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Пакуль у яе скла-дзе 11 чалавек:  інжынеры, начальнікі                     аддзелаў, памочнікі ляснічага, рабочыя лесу. Маладыя лясгасаўцы абралі сваім лідарам інжынера па лесааднаўленні Святлану Тарлюк. Планаў і ідэй у іх шмат. “Спадзяюся, нашы бээрэсэмаўцы будуць прымаць самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзяцца ў лясгасе, у тым ліку і ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Не застанемся  ў баку і ад грамадскага жыцця раёна, з задавальннем прымем удзел у акцыях і спаборніцтвах, рэалізацыі маладзёжных праграм”, – расказвае пра планы Святлана Тарлюк.  Моладзь лясгаса займае актыўную жыццёвую пазіцыю, да таго ж кіраўніцтва   лесагаспадарчай установы падтрымлівае яе пачынанні  і дапамагае ў вырашэнні многіх пытанняў.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *