Рдултоўскія: воіны, палітыкі, паэты

Рдултоўскія не належалі да мясцовых арыстакратычных фамілій. Але пасяліўшыся на беларускіх землях у ХVІІ стагоддзі, выдатна зарэкамендавалі сябе на дзяржаўнай службе. У падзяку за гэта назначаліся на ганаровыя дзяржаўныя пасады, атрымлівалі права ўдзельнічаць у рабоце сеймаў. Напрыклад, нядрэнную кар’еру ўдалося зрабіць  Яну Рдултоўскаму, які жыў у ХVІІІ стагоддзі. Спачатку ён стаў мінскім скарбнікам, потым навагрудскім земскім суддзёй і, нарэшце, навагрудскім каштэлянам. Дапаўненнем да пасад звычайна былі салідныя зямельныя падараванні. Так, спадчыннік Яна Рдултоўскага, які насіў двайное імя Антоній Юрый, быў гаспадаром шэрагу  вялікіх і даходных маёнткаў, буйнейшым з якіх быў Сноў. Валодаў таксама маёнткамі на тэрыторыі Ляхавіччыны, ва ўсякім разе Сваятычамі і Адахаўшчынай. Пазней уладаннем роду сталі Савейкі. Але і гэта было яшчэ не ўсё.

За свае заслугі перад Айчынай Рдултоўскія нават мелі гонар прымаць у сябе ў гасцях каралёў Рэчы Паспалітай. Такі візіт меў месца 15 верасня 1785 года, калі навагрудскі харунжы Ян Крыштаф Рдултоўскі, сын Антонія Юрыя, прымаў у сваёй сноўскай рэзідэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вось як  пісаў пра гэта сучаснік: «Мы ўбачылі там мураваны зручны дом з разнастайнымі памяшканнямі. Ля ўваходу караля сустрэлі гаспадары дома і некаторыя жыхары ваяводства. Караля правялі ў раскошныя апартаменты, і хутка пачаўся  абед, пасля якога прыбылі ваявода віленскі, падкаморый літоўскі і некалькі дзясяткаў іншых чыноўнікаў з розных ваяводстваў і паветаў, каб выказаць каралю  належную павагу. Манарх, прывітаўшы прыбыўшых, каля гадзіны размаўляў з гаспадарамі і гасцямі палаца, потым гуляў з усёй кампаніяй па садзе…»

Сын Яна Крыштафа Рдултоўскага Казімір — філосаф па адукацыі,  прадвадзіцель дваранства Навагруд-скага павета — у 1825 годзе заказаў будаўніцтва ў Снове манументальнай рэзідэнцыі з паркам, якая была ўзведзена за два гады. Унутры палаца на першым паверсе размяшчаўся вестыбюль, злева ад якога знаходзілася галоўная парадная зала. У бакавых крылах і павільёнах былі службовыя і гаспадарчыя памяшканні, на другім паверсе — жылыя і спальныя пакоі. Акрамя будаўніцтва такой цудоўнай рэзідэнцыі Казімір Рдултоўскі праславіўся таксама поспехамі ў сельскай гаспадарцы, агароднінаводстве, развіцці прамысловасці (пры ім у Снове была пабудавана суконная фабрыка, чым на той момант маглі пахваліцца нямногія багатыя сядзібы).

Старэйшы сын Казіміра Рдултоўскага Канстанцін Яўстафій (1804-1869) быў прадвадзіцелем дваранства горада Слуцка. Ён закончыў Сарбону — адзін з самых прэстыжных універсітэтаў у свеце, захапляўся паэзіяй і нават  перакладаў на англійскую мову творы Адама Міцкевіча. У 1825 годзе Міцкевіч прысвяціў Канстанціну Рдултоўскаму наступны верш:

Розным лёсам кінутыя на света паводкі,

Сустракаемся мы з табой, як дзве розныя лодкі!

Твая новая, фарбай і бранёй зіхацее,

Бісерам вятры хапае, цячэнне грудзямі разрывае…

Нягледзячы на такія  пахвальныя радкі, Канстанціну, аднаму з самых адукаваных лю-дзей свайго часу, было наканавана стаць апошнім уладальнікам многіх радавых маёнткаў. Надзелены прыродай многімі талентамі, Канстанцін не ўмеў аднаго: эканоміць. Ён шмат траціў, наладжваў літаратурныя вечары ў Санкт-Пецярбурзе, і хутка праматаў багацце, якое яго продкі нажывалі стагоддзямі. У ліку іншых была страчана сядзіба ў Савейках. Вялікі сноўскі палац Канстанцін Рдултоўскі, па легендзе, прайграў у карты. Фінал жыцця Канстанціна быў даволі сумным: ён  памёр у беднасці ў невялікім маёнтку Адахаўшчына.

Жыццё наступных пакаленняў Рдултоўскіх было куды больш сціплым. Яны ўжо не будавалі пышных рэзідэнцый і не прымалі ў сябе ў гасцях манархаў. Аднак і малазабяспечанымі людзьмі Рдултоўскіх, якія жылі ў пачатку мінулага стагоддзя, назваць было нельга. Пасля страты Снова іх радавымі гнёздамі сталі маёнткі Чэрніхава (зараз у Баранавіцкім раёне) і Адахаўшчына (у Ляхавіцкім раёне).

Адной з самых значных асоб у сям’і  ў гэты перыяд стаў уладальнік чэрніхаўскай сядзібы Канстанцін Рдултоўскі (1880-1953). Ён закончыў Варшаўскую Політэхніку, вырашыў прысвяціць сваё жыццё дзяржаўнай службе. У дваццатых гадах мінулага стагоддзя Канстанцін паступова займаў пасаду старасты Баранавіцкага (у састаў гэтай адміністрацыйнай адзінкі ўваходзілі да 1939 года Ляхавічы) і Стаўбцоўскага паветаў.

Апошні ўладальнік маёнтка ў Адахаўшчыне Казімір Рдултоўскі (1898-1940) быў вядомы тым, што прыкладна ў 1920 годзе ажаніўся на Ядвізе Бохвіц — парадніўся такім чынам з адным з самых праслаўленых дваранскіх радоў Ляхавіччыны. Ядвіга была дачкою Тадэвуша Бохвіца, сябра пісьменніцы Элізы Ажэшкі, і праўнучкай Фларыяна Бох-віца, вядомага філосафа і педагога ХІХ стагоддзя. Два сыны Казіміра і Ядвігі пражылі вельмі кароткае жыццё: адзін загінуў у авіякатастрофе, другі, вопытны падарожнік, памёр у час сваёй чарговай экспедыцыі…

Тым не менш, час злітаваўся над гэтым старажытным родам. Рдултоўскія не прапалі, як многія іншыя дваран- скія фаміліі, у водавароце гісторыі. Праўда, практычна ўсе яны зараз жывуць на тэрыторыі Польшчы. Так,  зараз у Варшаве пражывае Ян Рдултоўскі, прамы нашчадак рэфарматара і  стваральніка Антонія, будаўніка  цудоўнай сноўскай рэзідэнцыі Казіміра і паэта Канстанціна. Ян Рдултоўскі — выпускнік Варшаўскай школы эканомікі, ён неаднаразова бываў у Беларусі, наведваў месцы, звязаныя з жыццём знакамітых продкаў.

Дзмітрый МІРАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *