Не павінна быць безыменных герояў

Набліжаецца слаўная дата – 65-годдзе Вялікай Перамогі. Мы будзем ушаноўваць жывых удзельнікаў тых падзей і, зразумела, успамінаць загінуўшых герояў, якія аддалі свае жыцці, абараняючы Айчыну. Дагэтуль ёсць сярод іх безыменныя, але і праз 65 гадоў, дзякуючы нераўнадушным людзям, якім дарагая памяць мінулых гадоў і якім неабыякавыя лёсы загінуўшых і іх родных, прозвішчы некаторых сталі вядомымі.
Мы расказвалі пра работу 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, які дзейнічае ў нас у рэспубліцы, і пра аб’яднаны банк даных “Мемарыял”, што створаны ў Расійскай Федэрацыі. І вось новыя звесткі…
У лютым у Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі паступіў зварот ад кіраўніцтва рускага таварыства ў Латвіі, якое актыўна ўдзельнічае ў пошукавым руху і рабоце па ўвекавечванні памяці воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Актывісты гэтага таварыства знайшлі ў банку даных “Мемарыял” спіс 58 воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі ў чэрвені 1941 года пры абароне горада Рыгі і пахаваны на Тарнякалнскіх праваслаўных могілках. Гэты спіс стаў вядомы дзякуючы грамадзянскаму подзвігу жыхара Рыгі Я. Я. Эдровіча, які прымаў удзел у пахаванні загінуўшых салдат і афіцэраў. Актывістам рускага таварыства ў Латвіі пасля работы з архіўнымі матэрыяламі ўдалося атрымаць звесткі пра загінуўшых чырвонаармейцаў. Сярод іх ёсць і беларусы. Побач з прозвішчам радавога Васілія Іванавіча Янкоўскага значыцца месца нараджэння – Ляхавіцкі раён. У архіве раённага ваеннага камісарыята няма дакументаў, якія адносяцца да перадваеннага часу. Калі хто можа нешта расказаць пра гэтага чалавека або пра тых салдат, прозвішчы якіх друкуюцца ніжэй, звярніцеся, калі ласка, у райваенкамат.
Беруханаў Аляксей Іванавіч, радавы;
Багданаў Васілій Іванавіч, радавы;
Жураўскі Павел Васільевіч, сяржант, месца нараджэння – Палеская вобласць;
Зіарыцко Макар, радавы, месца нараджэння – г. Мінск;
Крыземс Іван Спірыдонавіч, радавы, месца нараджэння – Палеская вобласць;
Казлоў Мікалай Канстанцінавіч, радавы, месца нараджэння – Гомельская вобласць;
Куйга Іван Сямёнавіч, радавы, месца нараджэння – Магілёўская вобласць;
Лісін Сцяпан Васільевіч, радавы;
Сіманенка Міхаіл Сцяпанавіч, радавы, месца нараджэння – Палеская вобласць;
Якімчук Яфім Фёдаравіч, лейтэнант.
Па сведчаннях удзельнікаў латвійскіх пошукавых атрадаў, гэтыя салдаты і сёння лічацца ў Беларусі як прапаўшыя без вестак. Пасля завяршэння пошукавых даследаванняў актывісты рускага таварыства ў Латвіі намераны абмеркаваць з усімі зацікаўленымі бакамі прапанову па ўстаноўцы памятнай пліты з імёнамі пахаваных герояў вайны на воінскім участку Тарнякалнскіх могілак у Латвіі.
Таццяна ДАРАШЭНКА, галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне райваенкамата.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *