Дзякуй за мужнасць

Людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія, сапраўдныя  верныя сябры. Салдаты, якія пад кулямі душманаў, пад спякотным сонцам  выканалі  свой воінскі абавязак і засталіся вернымі прысязе. Гэта ўсё пра  іх – воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вайна на чужой тэрыторыі аб’яднала і 57 нашых сённяшніх землякоў.

У  іх ужо сталі дарослымі дзеці, у многіх падрастаюць унукі. Але рэха афганскай вайны час ад  часу нагадвае пра тыя страшныя падзеі, і ў снах  усплываюць імгненні далёкіх баёў, твары загінуўшых аднапалчан…

18-ы год запар 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ушанаванні прайшлі і на Ляхавіччыне.

У райваенкамаце воіны-інтэрнацыяналісты сабраліся разам за “круглым сталом”, каб пачуць адказы на пытанні, што іх цікавяць, ад спецыялістаў райвыканкама, жылкамунгаса, медыкаў. Кіраўнік справамі райвыканкама Уладзімір Дарашэнка  расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, яго перспектывы.

Акрамя іншага, воінаў-інтэрнацыяналістаў цікавіла, у якіх санаторыях і прафілакторыях ім можна адпачыць і паправіць зда-роўе, іншыя пытанні.

Пад гукі духавога аркестра былыя воіны прайшлі па вуліцах горада. Да брацкай магілы былі ўскладзены кветкі і вянкі.  Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Афгане Уладзіміра Малахвея і Святаслава Мядзвецкага і тых, хто пайшоў з жыцця ўжо дома, у мірны час.

Далей мерапрыемства прадоўжылася ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Вітаў землякоў ваенны камісар раёна Ігар Гусак. Усім удзельнікам афганскай вайны і бацькам загінуўшых па традыцыі аказана матэрыяльная дапамога.  Экземпляры кнігі “На лініі агню” пра воінаў-інтэрнацыяналістаў Брэстчыны былі перададзены раённай “купалаўцы”, сельскім бібліятэкам і бібліятэкам гарадскіх школ і Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Самадзейныя артысты раёна падрыхтавалі  святочны  канцэрт.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *