Школа адзначыла юбілей героя. 10 красавіка ў Крывошынскай СШ прайшло святочнае мерапрыемства «Імя Героя дастойныя», прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Гаўрыіла Здановіча.
Ніхто не забыты і нішто не забыта – важнасць і важкасць гэтых слоў не змяншаецца з гадамі. У гісторыка-краязнаўчым музеі Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча асаблівая старонка адведзена героіка-вызваленчай тэматыцы.

Для тутэйшых школьнікаў розных пакаленняў прыкладам мужнасці, вернасці прысязе з’яўляецца жыццё іх легендарнага земляка, ураджэнца Крывошына Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Здановіча. Ад добраахвотніка Чырвонай Арміі ў Грамадзянскую вайну да генерал-маёра ў гады Вялікай Айчыннай вайны – слаўны шлях смелага абаронца Айчыны.

Яшчэ на тэрыторыі школы трапляеш у атмасферу гісторыі: у двары размешчаны мемарыял, што ўшаноўвае памяць герояў-лётчыкаў, загінулых у першыя дні вайны, і мемарыяльная дошка з надпісам, які паведамляе, што тут з 1909 па 1913 год вучыўся Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч, генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза, ураджэнец вёскі Крывошын. Дарэчы, званне Героя Савецкага Саюза Гаўрыілу Здановічу было прысвоена ў верасні 1945 года. На ваенным мундзіры таксама зіхацелі тры ордэны Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Суворава і Кутузава і шматлікія медалі. Не толькі Крывошынская СШ носіць імя Здановіча, у яго гонар названа і вясковая вуліца.

У музеі цэлая экспазіцыя расказвае пра Гаўрыіла Станіслававіча.
Са шматлікіх дакументаў, пісьмаў, іншых экспанатаў найбольшую ўвагу прыцягвае ваенная форма генерала, якую ён калісьці перадаў музею.
10 красавіка ў школе прайшло святочнае мерапрыемства «Імя Героя дастойныя», прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Гаўрыіла Здановіча. Ушанаваць славутага земляка сабраліся госці – кіраўніцтва раёна, аддзела па адукацыі, родныя Гаўрыіла Здановіча, яго аднавяскоўцы, вучні і настаўнікі школы. Ваенна-патрыятычная кампазіцыя, напоў-неная шчымлівымі імгненнямі, тэматычнымі музычнымі і тан-цавальнымі нумарамі, запа-мінальнымі момантамі, закранула струны душы кожнага.
Дырэктар школы Ала Гуліцкая адзначыла, што калектыў установы лічыць не толькі гонарам, але і вялікай адказнасцю насіць імя земляка-героя, якому лёсам наканавана было прайсці нялёгкі шлях ад звычайнага вясковага хлопчыка да генерала Савецкай арміі. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падзякаваў усім, хто шануе памяць пра Гаўрыіла Здановіча, і падкрэсліў, наколькі важна і сёння, і ў будучым прадаўжаць работу па захаванні гістарычнай памяці. Хвалюючай назваў сустрэчу пракурор раёна Ігар Палыка і заўважыў, што і праз 80 гадоў пасля Вялікай Перамогі над фашызмам у маі 1945 года пакаленні беларусаў помняць імёны загінулых у пекле вайны і тых, хто набліжаў Перамогу. І гэта памяць павінна быць заўсёдная, каб сённяшнія школьнікі і моладзь цанілі мір і незалежнасць, вучылі гэтаму сваіх дзяцей.
З якой цікавасцю слухалі прысутныя выступленні траюраднай унучкі Гаўрыіла Здановіча – ляхавічанкі Галіны Сушко. Яна з цеплынёй успа-мінала дзядулю, расказвала, што ён быў хоць і строгім, але простым і добрым, клапаціўся пра сваіх родных і вельмі любіў беларускія дранікі. А яшчэ падзялілася сямейнай рэліквіяй – кнігай Гаўрыіла Здановіча «Ідзём у наступленне» з подпісам і аўтографам аўтара (дарэчы, яшчэ адзін экзэмпляр кнігі захоўваецца ў школьным музеі).
У многіх месцах давялося пабываць Гаўрыілу Здановічу, але заўсёды з любоўю і пяшчотай ён успамінаў сваю родную вёсачку Крывошын і часта ў думках вяртаўся туды, дзе прайшло дзяцінства,
а пасля вайны давялося пабываць усяго двойчы: у 1954 і 1974 гадах.
– Як жа рыхтаваліся больш за 50 гадоў назад да той падзеі. Думалі, як сустрэць Героя Савецкага Саюза, што паказаць. А ён зайшоў у школьны двор, спыніўся, агледзеўся, зайшоў у будынак школы і пачаў размову з работнікамі. Незабыўнай стала сустрэча са старшакласнікамі, аднавяскоўцамі – усё было проста і душэўна. І нямала нашых выпускнікоў, раўняючыся на Гаўрыіла Здановіча, сваёй прафесіяй абралі саму мужную – Радзіму абараняць, – успамінае колішні дырэктар Крывошынскай СШ Аліна Дыдышка.
Апошнія гады жыцця Гаўрыіла Здановіча прайшлі ў Варонежы. У ліпені 1984 года ўраджэнца Крывошына не стала. А памяць пра яго жыве ва ўспамінах землякоў, назве вуліцы. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у маі 1992 года Крывошынскай СШ было прысвоена імя Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

