Па закону

Прававыя пытанні для грамадзян і юрыдычных асоб па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых актуальных і хвалюючых.  Таму часта прадстаўнікі праваахоўных службаў,  судовых ведамстваў, пракуратуры, спецыялісты па зваротах грамадзян не толькі вядуць прыём згодна распрацаванага графіку непасрэдна на рабочым месцы ці адказваюць на пытанні грамадзян у грамадскіх прыёмных, але і практыкуюць выезды на месцы, у рэгіёны.

Гаспадарчы суд Брэсцкай вобласці сумесна з Брэсцкім абласным аддзяленнем ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў” у рамках работы каардынацыйнага цэнтра па аказанні юрыдычнай дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам, іншым суб’ектам гаспадарання, а таксама насельніцтву выступіў з ініцыятывай арганізаваць выезды ў райцэнтры Брэстчыны.

У мінулую сераду такі расшыраны выязны прыём праведзены ў Ляхавіцкім райвыканкаме.

Высокакваліфікаваную прававую кансультацыйную дапамогу ляхавічанам прапанавалі  старшыня гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак,  пракурор вобласці Сяргей Хмарук, начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі, старшыня  абласнога суда Тамара Сучок, намеснік старшыні Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатліка-ва.

Дакладную кансультацыю пра парадак далейшых дзеянняў згодна дзеючага заканадаўства атрымалі  грамадзяне, якія прыйшлі на прыём. Старшыня і галоўны бухгалтар ЖСБК-9 звярнуліся з наступнай праблемай.  Кіраўніцтва жыллёвага кааператыва заказала праектна-каштарысную дакументацыю (коштам 91 мільён рублёў) у адной з прыватных баранавіцкіх фірм. Экспертыза дакументацыі дала адмоўнае заключэнне па праекце, адпаведна,  будаўніцтва дома пачаць немагчыма, патрабуецца новая праектна-каштарысная дакументацыя. Грошы кааператыва аказаліся выкінутымі на вецер, спагнаць іх сёння няма з каго, бо за падрадчыкам ніякай маёмасці не лічыцца…  Але з самай, здавалася б, складанай сітуацыі ёсць выйсце. Сяргей Кулак і Сяргей Хмарук растлумачылі, як неабходна дзейнічаць далей і ў якія інстанцыі звяртацца.

З пытаннямі, што датычацца ліквідацыі КУСГП “Ганчароўскі”, звярнулася старшыня ліквідацыйнай камісіі  Ірына Страмавус.

Акрамя кансультацый, на выяз-ным прыёме  ішла размова пра      ўзаемадзеянне розных службаў у пытаннях прафілактыкі п’янства, алкагалізму і наркаманіі, вяршэнства закона ў розных сферах жыццядзейнасці. Разглядаліся розныя  аспекты работы праваахоўных органаў, пракуратуры і суда.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *