Усе канкурсанткі – сёстры. У Ляхавіцкай райбальніцы выбіралі лепшую медсястру

Акушэрка Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяна  Булатая, загадчыца Куршынавіцкага ФАПа Ларыса  Траяноўская, фельчар-лабарант Тухавіцкай амбулаторыі Наталля  Маслоўская – тройка пераможцаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства на званне “Лепшая медыцынская сястра-2017”, які прайшоў у Ляхавіцкай    цэнтральнай раённай бальніцы.  Сёлета ён адрозніваўся ад папярэдніх тым, што яго ўдзельніцы прадстаўлялі сельскія ўстановы аховы здароўя. За права звацца лепшай  спаборнічалі 9 медсясцёр.
Як расказала галоўная медсястра ЦРБ Ала Туркіна, у трох этапах канкурсанткі ўпэўнена даказвалі і пацвярджалі высокі прафесіянальны ўзровень, дэманстравалі творчыя здольнасці і таленты. У візітоўцы агучылі дэвіз, з якім “жывуць” у медыцыне, расказалі пра сябе і бачанне прафесіі медыцынскай сястры. Да іспыту падышлі вельмі крэатыўна  і натхнёна. Многія раскрыліся для калег  у новым  амплуа.
У практычнай частцы конкурсу яго ўдзельніцы  праходзілі тэсты на веданне санэпідрэжыму, аказанне неадкладнай дапамогі.
А якія ўсе яны гаспадыні,  прадэманстравала дамашняе заданне. У ім канкурсанткі прэзентавалі любімыя стравы сваёй сям’і. Прычым, кулінарныя шэдэўры былі і аформлены арыгінальна,  і аказаліся, па словах журы, вельмі смачнымі.
“Лепшая медыцынская сястра-2017” па выніках конкурсу Таццяна  Булатая працуе ў Навасёлкаўскай амбулаторыі  амаль 3 гады, але  кароткага часу  хапіла, каб  пераканаць усіх у сваім прафесіяналізме. Таццяну падчас іспытаў падтрымлівалі не толькі калегі, але і сям’я (дачка нават расказвала верш), і творчы калектыў “Вечарніца”, у якім яна спявае. Акрамя ўсяго, Таццяна знаходзіць час і для хобі – вышыўкі  крыжыкам.
Усе 9 канкурсантак атрымалі  сувеніры ад прафкама райбальніцы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва райбальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *