З клопатам пра маму і дзіця. Кожная будучая мамачка можа вакцынавацца ў жаночай кансультацыі Ляхавіцкай ЦРБ

У цяжарных і матуль, якія кормяць немаўлят грудным малаком, адказнасць за здароўе двайная: за сябе і за сваё дзіця. Вось чаму ім так неабходна клапаціцца пра здароўе і, канешне, займацца прафілактыкай: весці здаровы лад жыцця і не забывацца пра папярэджанне розных, у тым ліку інфекцыйных хвароб. Тычыцца гэта і COVID-19.

І калі яшчэ нядаўна цяжарным і жанчынам, якія кормяць дзяцей грудным малаком, не рэкамендавалася прышчапляцца, то цяпер, наадварот, раяць зрабіць прышчэпку супраць каранавіруса. У Брэсцкую вобласць (Ляхавіцкі раён не выключэнне) паступіў кітайскі прэпарат Vero Cell вытворчасці кампаніі «Сінафарм», які рэкамендаваны менавіта для вакцынацыі гэтых катэгорый жанчын. Як паведамілі ў жаночай кансультацыі Ляхавіцкай ЦРБ, прышчапіліся ад каранавіруса адзінаццаць цяжарных жыхарак нашага раёна.


– Карысць ад вакцынацыі значна перавышае любыя патэнцыяльныя рызыкі.Тым больш, што цяжарнасць з’яўляецца фактарам рызыкі для цяжкага цячэння COVID-19 у інфіцыраванай жанчыны. Вакцынацыю можна праводзіць незалежна ад тэрміну цяжарнасці. Згодна з даследаваннямі, вакцыну цяжарныя пераносяць добра, так што не варта баяцца прышчэпкі ці ўскладненняў пасля яе. Разам з тым, спецыялісты выявілі ў малацэ маці антыцелы пасля вакцынацыі, што пацвярджае: вакцынацыя маці можа абараніць і дзіця. Абавязкова перад працэду-рай увядзення вакцыны пацыентак пракансультуе ўрач ці акушэр, – тлумачыць пазаштатны раённы спецыяліст па акушэрстве і гінекалогіі Ляхавіцкага раёна Валерыя Лёгкая. – Таксама раім у абавязковым парадку прышчапіцца і тым мужчынам і жанчынам, якія толькі збіраюцца стаць бацькамі. Ім пажадана скарыстацца расійскай вакцынай  «Спутнік V».
Як сведчаць медыкі, у першую чаргу рэкамендавана вакцынацыя жанчынам з наступнымі фактарамі рызыкі цяжкага цячэння кавіда: узрост, старэйшы за 25 гадоў, атлусценне любой ступені, хранічныя хваробы лёгкіх, артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет. Валерыя Лёгкая адзначыла, што ў цяжарных, якія хварэюць каранавірусам, могуць узнікнуць наступныя цяжкія ўскладненні: раннія роды, праблемы з развіццём плода. Напрыклад, у другой палове цяжарнасці, калі памеры плода павялічваюцца, нават у здаровай жанчыны адбываецца яшчэ большы ціск на дыяфрагму, таму, адпаведна, узрастае рызыка недахопу кіслароду. Таксама ў цяжарных фізіялагічна зніжаецца імунітэт, што таксама з’яўляецца рызыкай інфіцыравання COVID-19.
– Нагадаю, што кожная будучая мамачка можа вакцынавацца ў жаночай кансультацыі Ляхавіцкай ЦРБ. У нас захоўваюцца ўсе неабходныя ўмовы, у наяўнасці антысептыкі для апрацоўкі рук. Так што баяцца не варта. Прыходзьце, вакцынуйцеся, – адзначае Валерыя Лёгкая.
Мяркуецца, што да канца гэтага года прышчэпку атрымаюць 84 цяжарныя жанчыны.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ЦРБ.