Устаноўка на выніковасць

Жукоўскага ў раёне добра ведаюць: дырэктар трывалага перапрацоўчага прадпрыемства – СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод”, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, надзвычай адказны кіраўнік, якому на розных узроўнях прысвойвалася званне “Чалавек года”. Вячаслаў Уладзіміравіч свой галоўны прафесійны экзамен здае з пастаяннай самапатрабавальнасцю. Вынік стабільна моцны: не выклікае сумнення вартасць калектыву, які ён узначальвае і які, па-сутнасці, ён жа і стварыў. Цвёрды ў перакананнях, настойлівы ў дасягненні мэты, прагрэсіўны ў дачы-ненні да сучасных тэхналогій, адаптаваны да ўмоў рынку, у самым добрым сэнсе амбіцыйны, Жукоўскі здолеў на практыцы даказаць, што можна забяспечыць эканамічную трываласць вытворчасці, зрабіць гэту вытворчасць узорнай, зрэшты, – брэндавай. Што пацвярджаецца папулярнасцю ў пакупнікоў малочных прадуктаў, якія пад ”шапкамі” ”Ляхавічок”, ”Унучок-ляхавічок”, ”Ляхавіцкае” ідуць на ўра па ўсёй краіне. ”ЛВ” засведчвае: тэлефануюць з Маладзечна, Бярозы, Мінска, літаральна з усіх раёнаў Брэстчыны і з абласнога цэнтра (гэта і калегі з раёнак пацвярджаюць), каб з захапленнем перадаць ”дзякуй” за смачную прапанову ад нашага малочнага. Аднойчы, праўда, маладзечанцы  скардзіліся… на тое, што хацелі б больш нашых смятанкі, малака, тварожных крэмаў…
Вячаслаў Уладзіміравіч і аналітык,  і філосаф: з ім можна згаджацца ці не згаджацца, але слухаць яго заўсёды цікава. Галоўны аргумент на карысць кіраўніцкага таленту – аднадумнасць і  свядомасць каманды, культ дысцыпліны ў калектыве, што ў спалучэнні з многімі іншымі яго візітоўкамі зрабіла малочны завод такім, якім ён стаў. Шматлікія дыпломы з самых прэстыжных конкурсаў, прызы, зрэшты, прэмія ўрада за дасягненні ў галіне якасці, якая сёлета была паспяхова пацверджана зноў, для кіраўніка – не самамэта, аднак прыемная і выразная ацэнка шчырых і плённых намаганняў яго і                     каманды, іх агульны поспех.
Малочназавадчане годна ўплываюць на прэстыж раёна, справа іх рук пазнавальная нават за беларускімі межамі. Прадпрыемства – піянер у мадэрнізацыі  вытворчасці  – у гэтым бясконцым працэсе абнаўлення, рэканструкцыі, новага будаўніцтва. І хто скажа, што Вячаслаў Жукоўскі не сучасны кіраўнік?! Дарэчы,  імя Вячаслаў нібы перадвызначыла яго жыццёвую пазіцыю. Лічыцца, што мужчына з гэтым імем любіць пераадольваць цяжкасці і перашкоды, не шукае лёгкіх шляхоў, сумленны і справядлівы, патрыёт, які стараецца прынесці карысць радзіме. Такая вось інфармацыя для роздуму.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *