Другія пасля сталіцы

Васілій Бут-Гусаім і футбалісткі Дар’я Дараневіч і Юлія Костач.

У адзін з апошніх дзён мая фінішавала маладзёжнае першынство Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат. Турнір, які ўжо можа пахваліцца сціплай гісторыяй, пачынаўся восенню. І ад першага да апошняга – пятага – тура праводзіўся ў Мінску. Гульні праходзілі і на штучным пакрыцці спецыялізаванага манежа-арэны. Заключныя ж сустрэчы адбываліся ўжо на палях футбольнага клуба “Мінск”.

Каманды былі “разведзены” па трох групах у залежнасці ад узросту футбалістак. Прадстаўніцтва мелі ўсе вобласці краіны плюс дзве сталічныя дружыны. Ёсць добрая нагода праінфармаваць чытача пра спаборніцтвы самай “дарослай” групы каманд, сфарміраваных з дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння. Лідарскую нагрузку ў складзе зборнай Брэсцкай вобласці неслі на сабе і ляхавічане. Варатарскую пазіцыю ў камандзе займала Юлія Костач, цэнтральную абаронцу гуляла Дар’я Дараневіч, вышэй – у лініі паўабароны саліравала Анастасія Пабягайла. Трэнер-выкладчык ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Васілій Бут-Гусаім знаходзіўся на трэнерскім мастку – з’яўляўся адным з настаўнікаў брэсцкай каманды.
Па вяртанні са сталіцы ён падзяліўся турнірнымі фактамі і ўражаннямі. Яны – з сярэбраным адбіткам. У гульні за тытул таблічна-рэйтынгавы расклад звёў сталічную № 1 і дружыну нашай вобласці. Усю першую палавіну сустрэчы брастаўчанкі, па словах трэнера, “віселі” на варотах саперніка, мелі тэрытарыяльную і гульнявую перавагу, нядрэнныя патэнцыяльна галявыя моманты. Але, як гэта нярэдка здараецца, атрымалі гол у свае вароты. У другім тайме гульня падраўнялася, забіць маглі і адны, і другія. Больш удалай аказалася каманда гаспадароў. Мінчанкі забілі паўторна, чым завяршылі паядынак з лікам 2:0 на сваю карысць. Яны – пераможцы. У Брэсцкай вобласці серабро, у Віцебскай – бронза.  Асабісты прыз “Лепшы бамбардзір турніру” дастаўся нашай Анастасіі Пабягайла.
Як адзначыў Васілій Бут-Гусаім,  “раздача” кубкаў, медалёў, дыпломаў прайшла ў атмасферы святочнасці, урачыста, з удзелам вядомых у футболе людзей. Напрыклад, адным з тых, хто ўручаў юным спартсменкам узнагароды, быў Віктар Сокал. Памятаеце, ведаеце ці можа хоць чулі гэта футбольнае прозвішча?
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *