Экзамен не толькі для ведаў

З мэтай забеспячэння на тэрыторыі Брэсцкай вобласці безумоўнага выканання зацверджанага Кіраўніком дзяржавы механізма правядзення ўступных іспытаў і залічэння ў навучальныя  ўстановы найбольш падрыхтаваных юнакоў і дзяўчат 2 чэрвеня ў абласным КДК прайшла нарада па пытанні “Аб арганізацыі кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе”.
Указам Прэзідэнта створана дзяржаўная камісія і вызначаны яе паўнамоцтвы. Ад Брэсцкай вобласці членамі дзяржкамісіі з’яўляюцца старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Дзмітрый Баско, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Васілій Герасімаў і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка.
На Брэстчыне будуць працаваць абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, а таксама камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у 4-х установах вышэйшай адукацыі і ў 22-х сярэдніх спецыяльных установах адукацыі вобласці. Старшынямі камісій з’яўляюцца члены дзяржкамісіі, намеснікамі – супрацоўнікі органаў КДК, членамі – работнікі дзяржаўных органаў, прафсаюзных арганізацый і ўстаноў сістэмы адукацыі.
Да работы ў камісіях будуць прыцягнуты 24 супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці, 10 супрацоўнікаў упраўлення ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, 850 работнікаў сферы адукацыі, 10 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый – усяго 894 чалавекі.
Першы этап уступнай кампаніі – цэнтралізаванае тэсціраванне, якое праводзіцца з 12 чэрвеня па 2 ліпеня.
Цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе па 11 вучэбных прадметах у 4-х установах адукацыі, вызначаных пунктамі для яго правядзення, размешчаных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ва ўказаных установах вобласці зарэгістраваны абітурыенты для выканання 54480 тэстаў (на 6866 больш, чым у 2016 годзе).
Сёлета ўнесены шэраг змяненняў у правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія закранулі і правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання.
Да асноўных новаўвядзенняў можна аднесці прадастаўленне абітурыентам магчымасці ўдзельнічаць у тэсціраванні па чатырох вучэбных прадметах, павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ, устанаўленне трох рэзервовых дзён для прахо-джання ЦТ, зняцце абмежавання аб неабходнасці працаўладкавання для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ў завочнай форме  атрымання адукацыі на платнай аснове, вызначэнне адзінага падыходу пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці незалежна ад профілю ўстановы вышэйшай адукацыі, пашырэнне і канкрэтызацыя катэгорый асоб, якія маюць права на льготы пры залічэнні ва УВА, і шэраг іншых змяненняў.
Варта звярнуць увагу абітурыентаў на неабходнасць прыбыцця ў пункт тэсціравання не пазней чым за 30 мінут да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання (пачатак – 11.00), пры сабе мець арыгінал дакумента, які сведчыць асобу (пашпарт або від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, даведку, выдадзеную ў выпадку страты дакумента, якая сведчыць асобу), ручку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру.
Нягледзячы на пастаянны напамін пра забарону праносіць у аўдыторыі, у якіх праводзіцца тэсціраванне, мабільныя тэлефоны, штогод маюць месца выпадкі адхілення абітурыентаў ад удзелу ў ЦТ за парушэнне данага патрабавання.
На этапах прадастаўлення абітурыентамі дакументаў у прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі, здачы ўнутраных уступных іспытаў, конкурснага адбору і залічэння студэнтаў (ліпень-жнівень), навучэнцаў у кожнай з устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі кантроль будзе працягвацца.
Заключным этапам работы камісій па кантролі будзе падрыхтоўка справаздачы аб выніках кантролю за ходам уступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэсцкай вобласці з унясеннем пры неабходнасці прапаноў па далейшым удасканаленні парадку падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.
На перыяд правядзення ўступнай   кампаніі працуюць тэлефоны гарачай лініі Брэсцкай абласной камісіі па кантролі за ходам уступных  іспытаў (Камітэт дзяржаўнага  кантролю Брэсцкай вобласці): у г. Брэсце – 8-0162-21-18-76,  21-18-94; у г. Баранавічы – 8-0163- 64-06-20; у г. Пінску – 8-0165-32-26-22.
КДК Брэсцкай вобласці.
Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *