Школьны раман закончыўся балем


Паветраныя шары расквечвалі блакіт  неба,  віншаванні сыпаліся з усіх бакоў, слёзы і ўсмешкі  нібы спаборнічалі  – чаго больш. Ва ўрачыстай і разам з тым  цёплай і шчырай атмасферы  развіталіся  ўчарашнія адзінаццацікласнікі  з незабыўнай школьнай парой.
Які ж прыгожы, узрушаны, кранаючы  душу і сэрца  парад выпускнікоў!  У мінулую суботу па  ляхавіцкіх вуліцах Інтэрнацыйнальнай, Дзесюкевіча, Леніна ў суправаджэнні настаўнікаў, родных, сяброў стройныя калоны віноўнікаў свята прайшлі на плошчу Леніна і, напэўна, першы і апошні раз у такім складзе выстраіліся для ўдзелу ў раённым  выпускным балі “Не паўтараецца такое ніколі”. У чэрвені 2017 года статус выпускніка атрымалі  182  нашы юныя землякі. Дзяўчаты адна прыгажэй за другую – пяшчотныя, юныя. Хлопцы – у строгіх  класічных  касцюмах – пасталеўшыя і ўрачыстыя.

Раённы выпускны-2017 прайшоў у традыцыйным варыянце і, як заўсёды,  расчуліў не толькі  віноўнікаў урачыстасці, але і бацькоў, настаўнікаў, усіх, хто прыйшоў на свята. Яго  ганаровымі гасцямі былі старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч,  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык.

Вячаслаў Сельмановіч гаварыў пра мудрасць школьных урокаў, пра тое, што  заўсёды будзе галоўным у жыцці, пра прыцягненне школьных гадоў, пра мары, якія  юнакам і дзяўчатам належыць спраўдзіць.   Леанід Цупрык таксама павіншаваў выпускнікоў з паспяховым заканчэннем школы і пажадаў кожнаму знайсці дастойнае прымяненне  атрыманым ведам, быць карыснымі сабе, сваёй Радзіме.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская зрабіла акцэнт на важнасці выбару далейшага шляху, які сёння робяць выпускнікі,  і пажадала ім творчага развіцця, поспехаў і ўдачы.

Пранікнёна гучалі шчырыя словы ўдзячных  вучняў.  І адрасаваліся яны тым, хто  іх любіў і ім  верыў, клапаціўся і выхоўваў, вучыў і раіў, быў заўсёды побач, – настаўнікам і бацькам.   Самы хвалюючы момант для  васьмі рабят з СШ № 1 і 2, гімназіі,  Ліпскай і Начаўскай СШ, Малагарадзішчанскага ДС-СШ  настаў з першым гукам фанфараў: ім былі ўручаны залатыя медалі. А мяккія цацкі  атрымалі актывісты школьнага жыцця. Потым  была клятва  выпускнікоў.

Над плошчай загучала знаёмая мелодыя, якая закружыла юнакоў і дзяўчат  у развітальным вальсе…      Заўтра выпускнікоў чакаюць новыя клопаты. Іх будзе шмат у дарослым жыцці. Але нішто і ніколі не зможа  заглушыць успаміны пра шчаслівыя адзінаццаць школьных гадоў.     Пасля раённага балю  выпускнікі адправіліся ў родныя  школы. Рабятам ўручылі атэстаты, іх віншавалі, яны дзякавалі –было міла сэрцу, радасна і сумна адначасова, бо праважалі дзяцінства… А потым школы апусцелі – юнакі і дзяўчаты пайшлі сустракаць свой першы дарослы світанак.

У добры шлях, дарагія  выпускнікі!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота тут


One thought on “Школьны раман закончыўся балем

  • 14/06/2017 в 21:50
    Permalink

    Наверное, каждый, независимо от возраста, на выпускном балу, на какой-то миг вернулся в свою юность, в красивых, стильных девочках и элегантных юношах увидел себя, вспомнил своих учителей, друзей, близких. Это так трогательно и душевно. Настоящий праздник для всех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *