Не толькі каштоўнае футра…
«Гэта не толькі каштоўнае футра, але і 3-4 кілаграмы дыетычнага мяса» – фраза пра трусоў стала крылатай пасля выступлення вядомых гумарыстаў. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «МітДАСон» Дзмітрый Самсон з 2012 года займаецца развядзеннем гэтых звяркоў. Ён добраўпарадкаваў каля 5 гектараў арандаванай зямлі, пасадзіў дрэвы.
Сам фермер дакладна не можа назваць колькасць пушыстых гадаванцаў на ферме: за адзін акрол (а іх за год бывае пяць) ад 280 трусіх (самыя распаўсюджаныя тут пароды – нямецкія пярэстыя, бараны, каліфарнійцы) нараджаецца каля 1200 трусянят. Што датычыцца футра, то, па словах фермера, шкурка вырабу не надта вартая. Але і ёй знаходзіцца прымяненне.
– Кармленне, паенне жывёлы – поўнасцю механізаваны працэс, на яго ад сілы затрачваю паўтары гадзіны, – расказвае Дзмітрый Самсон. Частку атрыманай прадукцыі фермер прадае Баранавіцкаму райпо, за што атрымлівае камбікорм, астатняя амаль поўнасцю ідзе на экспарт у Расію. У планах – далейшае пашырэнне вытворчасці.
У Ляхавіцкім раёне дзейнічае 18 фермерскіх гас-падарак, праўда, дзве з іх знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі – «Мінічы» і «Салют-7» (не пайшла справа). Астатнія 16 пераважна займаюцца раслінаводствам, хаця апошнім часам папулярнай становіцца і жывёлагадоўля, у прыватнасці, невялікія фермы.
На слыху ў многіх гаспадарка «ЛагуЦін» (заснавальнікі Віктар Лагун і Уладзімір Туцін), дзе ў прыярытэце малочная жывёлагадоўля. Іх праект «Доўгая карова» выйграў у конкурсе мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Дарэчы, дзякуючы менавіта гаспадарцы «ЛагуЦін», сёлета малочны лідар у прыватным сектары – Ганчароўскі сельсавет, дзе аб’ём закупу малака з пачатку года склаў 158 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2016-га.
На Ляхавіччыне фермерская гісторыя пачыналася з Івана Шкляніка, які арганізаваў гаспадарку «Даманскае». Сёння ён апрацоўвае 190 гектараў зямлі. Да гэтага года ў «Даманскім» вырошчвалі бульбу, чырвоныя і цукровыя буракі, моркву, капусту, зерневыя культуры. Ні адзін з раённых кірмашоў не абыходзіўся без «даманскай» агародніны. Сёлета «культурны» расклад тут змяніўся – вырошчваюць толькі цукровыя буракі і рапс.
Раслінаводчы профіль выбралі таксама «Шавялі» (кіраўнік Аляксей Бурак), «Улазавічы» (Алег Бондар), «Ліпнянка-Агра» (Наталля Малевіч), «Машэй Н. В.» (Мікалай Машэй). Садавінай займаецца «Уладзімір плюс» (Валерый Радзюк). А вось у «ЖарСКу» (Мікалай Скрыцкі) і «Вялікае Падлессе-Агра» (Міхаіл Крыцкі) галоўная культура – цукровыя буракі. У 2016 годзе ўраджайнасць фермерскага салодкага кораня склала 425 цэнтнераў з гектара. Што датычыцца агародніны, то з вырашчанага ў раёне летась агульнага аб’ёму 48 працэнтаў на іх рахунку.
Усяго ў мінулым годзе ўдзельная вага валавой прадукцыі фермерскіх гаспадарак склала 2 працэнты да агульнага аб’ёму ў цэлым па нашым раёне. Найбольшыя плошчы адведзены пад зерневыя культуры – 66 працэнтаў ад усіх фермерскіх сельгасугоддзяў. А, напрыклад, капусту вырошчваюць толькі фермеры: з плошчы ў 25 гектараў сабралі 808 тон.
Гэтыя гаспадаркі хоць і прыватнай формы ўласнасці, але без падтрымкі дзяржавы не застаюцца. У Ляхавіцкім раёне спрыяльныя ўмовы для тых, хто хоча займацца ўласнай справай аграрнага накірунку. Летась фермерам выдаткоўваліся грошы для набыцця мінеральных удабрэнняў і страхавання сельскагаспадарчых культур. Ёсць магчымасць атрымаць крэдыты і купіць тэхніку па лізінгу. Што датычыцца рэалізацыі прадукцыі, то на рынках, кірмашах, у гандлёвай сетцы і на перапрацоўчых прадпрыемствах, нарых-тоўчых кропках спажыў-кааперацыі якасны і прымальны па кошце фермерскі аграрны тавар папулярны і запатрабаваны.
Ёсць сярод фермераў тыя, хто займаецца рэдкім для нашага раёна відам дзейнасці. «Прадславіна» першыя крокі ў прыватным бізнесе пачало рабіць пяць гадоў назад. І ўжо трэці сезон пастаўляе на рынак буякі. Гэта каштоўная ягада – бліжэйшы сваяк чарніц. Яе можна знайсці ў лесе ці вырасціць на прысядзібным участку. А вось у такіх значных маштабах (у«Прадславіне» пад яе адведзена 30 сотак, на 12 з якіх ужо збіраецца ягадны ўраджай) у нашым раёне развядзеннем буякоў заняліся ўпершыню. І рашылася на гэта ляхавічанка Алена Мікуліч.
– Каб атрымаць першы ўраджай буякоў, давялося сур’ёзна папрацаваць. Перавагу аддалі элітным сартам «чандар», «блюголд», «дзюк», «элізабет», якія праз год чаранкавалі. Вельмі радаваліся першаму збору, – расказвае гаспадыня фермерскай гаспадаркі.
Буякі, хоць і далікатныя ягады, але пры належным доглядзе ўрадлівыя. Летась тут з 400 кустоў сабралі 400 кілаграмаў ягад. Прадавалі іх у асноўным пад заказ.
Алена Мікуліч спадзяецца на добры ўраджай і сёлета, тым больш, што хутка пачнуць пладаносіць і больш маладыя саджанцы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Приезжайте к нам за голубикой!
Такія мілыя вушасцікі! Каштавала буякі — адменная ягада, а яшчэ вельмі карысная для здароўя. Фермеры наогул апантаныя людзі. Дзякуючы ім расцвітаюць сады, практычна ў гарадской мяжы ўраджаяць ягаднікі, а на паліцах магазіна красуецца казінае малако.