ТОЕ, ШТО ТРЭБА

Людміла Салата і Алена Вялічка могуць прадэманстраваць сапраўдны майстар-клас па прафесіі прадаўца.

Шопінг (калі карыстацца моднымі тэрмінамі) ці, прасцей кажучы, паходы па магазінах без перабольшання сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Пасля працоўнага дня мы звыкла накіроўваемся ў любімыя гандлёвыя кропкі, каб набыць самае неабходнае да стала, прыкупіць розныя патрэбныя ў гаспадарцы дробязі. І, з гэтым цяжка спрачацца, вынікі такіх паходаў аказваюць самы непасрэдны ўплыў на наш настрой. Прычым, у гэтым плане важныя не толькі пакупкі (цана, асартымент і г.д), але і тое, як нас абслужылі.

У апошнюю нядзелю ліпеня работнікі гандлю адзначаюць прафесійнае свята. Толькі ў Ляхавіцкім раёне, па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, ажыццяўляюць дзейнасць 151 аб’ект гандлю і 33 – грамадскага харчавання. За першае паўгоддзе тавараабарот у цэлым па раёне перавысіў 24 мільёны рублёў. Без малога палова гандлёвых аб’ектаў належыць раённаму спажывецкаму таварыству, на яго рахунку – амаль трэць агульнараённага тавараабароту. Важны сацыяльны аспект: па дарогах раёна калясяць 7 аўтамагазінаў райпо – дастаўляюць харчовыя і прамысловыя тавары больш як у 70 маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных магазінаў.

Сёння ўжо нельга ўявіць гандлёвую прастору без магазінаў і магазінчыкаў прыватнай формы ўласнасці. Сярод самых буйных і папулярных (зноў жа, па даных аддзела экано-мікі) у насельніцтва – «Усходні» (УП «Гандлёвы дом «Уладзімір») і «Юбілейны» (ТАА «Трансэлектракамплект»), «Піраміда», «Камфорт» (ТДА «Карвента») і г.д.

Адносна нядаўна ў наш райцэнтр прыйшлі дзве буйныя гандлёвыя сеткі: «Еўраопт» і «Востраў чысціні». І пакупнікі вельмі хутка ацанілі іх сучасныя маркетынгавыя прапановы.

Паспяхова вытрымлівае немалую канкурэнцыю фірменны гандаль. У нашым раёне ён прадстаўлены магазінамі «Верас» СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» у райцэнтры і Галаўнінцах, «Птушка» Баранавіцкай птушкафабрыкі і «АМІ» гандлёвага дома «Лагуна».

Менавіта «Верас» на працягу многіх гадоў нязменна трапляе ў пералік самых запатрабаваных і паспяховых. І першае, і другое – не выпадковасць, а заканамерны вынік пастаяннай мэтанакіраванай і зацікаўленай работы калектыву гэтага заводскага падраздзялення на чале з галоўным спецыялістам па гандлі Тамарай Гірыловіч. Эканаміст, таваразнаўца, загадчыца магазіна, прадаўцы і тэхработнікі (усяго ў фірменным гандлі заняты 28 чалавек) – кожны на сваім месцы працуе на рэпутацыю магазіна. Што вабіць сюды жыхароў і гасцей райцэнтра (а штодзень тут абслугоўваюць у сярэднім паўтары тысячы пакупнікоў) – пытанне хутчэй рытарычнае. Асартымент – вельмі прыстойны, калі не сказаць больш: на паліцах каля 4 тысяч найменняў харчовых тавараў і паўтысячы нехарчовых, абсалютная большасць – прадукцыя беларускіх вытворцаў, але ў наяўнасці і імпартныя варыянты – у пакупнікоў ёсць выбар, у тым ліку па цане.  Ці трэба казаць, што ганаровае месца на вітрынах займае прадукцыя Ляхавіцкага малочнага завода ў максімальна шырокім пераліку? Жаданне зацікавіць патэнцыяльнага пакупніка  відавочнае: скідкі, акцыі і іншыя прыемныя бонусы даўно ўвайшлі ў практыку. Што датычыць культуры абслугоўвання – яна таксама на ўзроўні. Калі гаварыць выключна лічбамі, яскравую карціну намалюе наступная інфармацыя: выручка на кожнага работніка прылаўка тут складае за 20 тысяч рублёў у месяц – калегам ёсць чаму пазайздросціць. І, канешне, павучыцца.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *