Пра карысць прышчэпак. Лепшыя акуліроўшчыкі краіны сабраліся ў Ляхавіцкім раёне

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун (першы злева) з удзельнікамі семінара.

Базай для правядзення рэспубліканскага конкурсу-семінара акуліроўшчыкаў стала фермерская     гаспадарка «Уладзімір плюс». Падзея адбылася ў чацвер, пасля надзвычай моцнага – у аўторак – дажджу і наступнага – у сераду – дожджыку. Дарэчы, у мокрае надвор’е «акуліраваць» азначае не мець выніку. Гарачыня таксама не з’яўляецца спадарожным момантам. А ў чацвер для работы гэтых спецыялістаў усё склалася.

Да слова, спецыялісты яны штучныя, адмыслова кваліфікаваныя, спрактыкаваныя, ва ўсе часы запатрабаваныя і высокааплатныя. Падобныя думкі падчас семінара гучалі неаднойчы. На гэтым жа ў размове з журналістамі акцэнтаваў увагу і генеральны дырэктар асацыяцыі «Белсадгадавальнік» Анатолій Каранько. У нашым выпадку асацыяцыя выступае ў ролі аднаго з арганізатараў і галоўнага каардынатара праекта. Праекту, да слова сказаць, ужо два дзесяцігоддзі. Конкурс-семінар вандруе па краіне: з адной гаспадаркі ў іншую, з аднаго саду ў другі. Гэты конкурсны год стаў годам ФГ «Уладзімір плюс».

На частцы пляцоўкі базы «адкрылася» міні-выстава тэхнічных дасягненняў. У надзеі на пачатак ці працяг супрацоўніцтва выставіўся шэраг фірм і фірмачак з прадукцыяй, патрэбнай і патэнцыяльна цікавай садаводам: сур’ёзная тэхніка, нескладаныя прылады, дапаможнае абсталяванне, элементы сістэм паліву, сродкі догляду фруктовых дрэў і ягадных кустоў, іншае.

Акрамя канкурсантаў у семінары прынялі ўдзел аграномы-садаводы, кіраўнікі «тэматычных» фермерскіх гаспадарак. Мяркуючы па нумарных знаках цесна прыпаркаваных тут аўто – з усіх рэгіёнаў краіны.

Навуку на злёце прадстаўнікоў садовай суполкі краіны прадстаўлялі вядучыя спецыялісты  інстытута пладаводства, якія выступілі і ў ролі арбітраў: узначальвалі і з’яўляліся членамі журы конкурсу акуліроўшчыкаў. Удзел у семінары прыняў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.

Кіраўнік ФГ «Уладзімір плюс» расказаў і паказаў гасцям сваю гаспадарку: гадавальнікі, сад, складскія і іншага мэтавага прызначэння памяшканні. Удзельнікі семінара адзначылі, што памяшканне для захоўвання дароў саду і агароду фермер Радзюк абсталяваў і абставіў у адпаведнасці ці не з самымі сучаснымі стандартамі.

Тым часам канкурсанты дзейнічалі па сваёй праграме. Займаліся акуліроўкай. Якасць само-сабою, але як і ў любым спаборніцтве – хуткасць. І гэта вельмі далікатная тэмпавая характарыстыка таго, што адбывалася на адным з палёў плодагадавальніка.

Дык што ж хаваецца пад словам акуліроўка? Навукоўцы інстытута пладаводства ўнеслі яснасць: гэта спосаб прышчэплівання дрэў і кустоў адзіночнай пупышкай. Вочкам, што у перакладзе на лацінскую мову гучыць як «акуліс». Ёсць веснавая, і ёсць летняя, аптымальным тэрмінам для якой з’яўляецца канец ліпеня, жнівень. Спосаб мае немалыя перавагі ў «супрацьстаянні» з прышчэпліваннем чаранкоў. Эканомія ў расходаванні матэрыялу, нязначная траўматычнайсць прышчэпы, хуткае – 20 дзён пасля аперацыі – бачанне вынікаў работы і іншае. Акуліроўка атрымала распаўсюджанне, пацвердзіла сваю практычную эфектыўнасць. Дзякуючы ў тым ліку і яе шырокаму прымяненню, краіна поўнасцю забяспечвае сябе фруктовымі саджанцамі. Добрае дзесяцігоддзе нічога падобнага Беларусь па імпарце не завозіць. Наадворот, прадукцыю беларускіх плодагадавальнікаў бяруць некаторыя замежныя краіны.

Што да конкурсу, удзел у ім прынялі 11 камандных дуэтаў. Акуліроўшчык у якасці, так бы мовіць, першага нумара каманды, за ім – падвязчык, задачай якога з’яўляецца дакладна, шчыльна, без пропускаў схаваць прышчэпак пад спецыяльнай плёнкай.

Сярод конкурсных каманд была і ляхавіцкая – у складзе – плодаагароднікаў дзяржаўнага аграрнага каледжа. Важкі і важны вопыт для «хуткіх» спецыялістаў.

Іван КАВАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *