Гэта стараста

Неабыякавая, ініцыятыўная, яе актыўнасці могуць пазайздросціць маладыя. Так характарызуюць у Жарабковіцкім сельвыканкаме старасту вёскі Канюхі Ніну Рамейка.  Тое ж самае могуць пацвердзіць яе землякі-аднавяскоўцы. Колькі добрых спраў зроблена разам за больш чым два дзесяцігоддзі, як Ніна Аляксандраўна выбіраецца старастам.

Навядзенне і падтрыманне парадку на  канюхоўскіх вуліцах і прыватных падворках, на тэрыторыі могілак, сельскія сходы – завадатар і арганізатар усяго вясковы стараста. А яшчэ яна  дапамагае тутэйшым жыхарам  вырашыць розныя надзённыя пытанні – выпісаць дровы, брыкет і г.д. Дзверы дома   № 5 па вуліцы Пралетарскай, дзе жыве Ніна Рамейка, заўсёды адчынены  для канюхоўцаў.

Ніна Аляксандраўна імкнецца  быць у курсе ўсіх падзей, стараецца кожнаму дапамагчы, калі  трэба – умее быць патрабавальнай, асабліва гэта датычыцца навядзення парадку. І вельмі ганарыцца сваёй маленькай радзімай і землякамі:

– У Канюхах жыве без малога 200 чалавек. Больш за сотню – працаздольнага ўзросту. Так што вёска наша – перспектыўная. І людзі вельмі працавітыя, гаспадарлівыя. На 77 падвор’ях  утрымліваецца 38 кароў – добры паказчык.

Ніна Рамейка да выхаду на пенсію працавала ў  мясцовай гаспадарцы. І цяпер без справы не сядзіць:  напрыклад,  вырошчвае  ва ўласнай  цяпліцы беларускія кавуны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *