Каласавыя запіскі. КСУП «Востраў-Агра»

Вадзіцель Міхаіл Зубік.

Сёння ў КСУП «Востраў-Агра» сеюць азімае жыта на зерне і на зялёны корм. Участак пад яго выдзелілі немалы – 150 гектараў. Спадзяюцца, што за належны клопат жыта аддзячыць важкім коласам.

Сёлетнюю востраўскую ўраджайнасць збожжавых высокай не назавеш. Тым больш вырашчанае стараліся ўбраць без страт, дзяржзаказ выканалі.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Тамара Церах адзначае, што тэхніка працавала на палетках з ранку да позняга вечара. Кожны з хлебаробаў гаспадаркі ставіўся да ўборкі, як да галоўнага экзамена года. Не лічыліся з часам, укладвалі сілы і душу.  На жніве   шчыравалі 3  экіпажы, чацвёрты дапамагаў   калегам – ільнозаводу і «Белпрампрыбору».
Віктар Зубік – хлебароб са стажам, прафесіянал, якому даручаюць самыя адказныя ўчасткі  працы. Увесь сельскагаспадарчы цыкл  ён за штурвалам ці трактара, ці камбайна. Каторы сезон не падводзіць яго КЗС-12. А ўсё таму, што механізатар  з тэхнікай на ты: дадому не пойдзе, пакуль не праверыць, не наладзіць.
Андрэй Калясінскі не паспеў уладкавацца на працу, як адразу – на камбайн. Зарэкамендаваў сябе з лепшага боку – надзейны, адказны, працавіты. Такую характарыстыку механізатару дае дырэктар КСУП. На раённых дажынках ён сярод тых, каго райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў падзячным пісьмом.
Працаваў зладжана маладзёжны экіпаж у складзе Яўгенія Каліноўскага і Уладзіміра Волка. Зараз маладыя ўдзельнікі жніва задзейнічаны на іншых сельгасработах, дзе таксама стараюцца і навучыцца, і паказаць, што ведаюць і ўмеюць.
Ад агульнага залежыць асабістае – гэту ісціну доб-ра ўсведамляюць работнікі   «Востраў-Агра»: будзе з прыбыткам гаспадарка – будзе дабрабыт і ў працаўнікоў. І старанна закладваюць сёння падмурак заўтрашняга ўраджаю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *