На прызы чэмпіёна

Вы памятаеце як ўсё пачыналася і калі? Першы турнір на прызы экс-чэмпіёна Еўропы па трайным скачку, майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча Ляхавіцкая ДЮСШ прыняла ў 2006 годзе. Са старту і на працягу першых чатырох гадоў спаборніцтвы праходзілі ў фармаце адкрытага першынства раёна па лёгкай атлетыцы. Адбывалася станаўленне, і да свайго першага леташняга юбілею турнір падняўся ў статусе – стаў рэспубліканскім.

Не толькі, але ў асаблівасці для 14-гадовых лёгкаатлетаў важным момантам з’яўляецца прысутнасць на спаборніцтвах самога майстра. Як заўважыў у адной з размоў Генадзій Валюкевіч: “Занятасць не дазволіла наведаць першыя два турнірныя старты. Прыйшлося падстроіцца, перагледзець свой графік з улікам тэрмінаў правядзення спаборніцтваў. І з 2008 года я нязменна на турніры. На радзіме, на Ляхавіччыне. Прыязджаю з задавальненнем”.

Тыдзень таму ўжо шосты турнір стаў спартыўнай гісторыяй. На гэты раз яе творцамі з’яўляліся легкаатлеты з пяці рэгіёнаў Брэстчыны: канкурэнцыю гаспадарам – юнакам і дзяўчатам Ляхавіччыны – складалі прадстаўнікі каманд Ганцавіцкага, Столінскага, Баранавіцкага раёнаў і горада Баранавічы. Акрамя ўжо традыцыйных бегу на 30, 600, 1000 метраў, скачкоў у даўжыню і трайнога, камбінаванай лёгкаатлетычнай эстафеты, праграму дапоўнілі спартыўнай хадзьбой: дзяўчаты пераадольвалі тысячу метраў, юнакі – удвая большую дыстанцыю.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў спаборніцтваў, Генадзій Валюкевіч заўважыў: “Спорт адыгрывае важную ролю ў жыцці. Ва ўсіх яго сферах і галінах, на любым з участкаў работы сапраўдны поспех чакае толькі настойлівых, мэтанакіраваных. Хто не спыняецца і не згінаецца перад цяжкасцямі. Цвёрдасцю харак-тару і сілай мускулаў дапамагае авалодаць спорт. Выхоўвайце ў сабе пазітыўныя адносіны да жыцця, упэўненасць. Кожны чалавек, безумоўна, таленавіты, а ў нечым адным – вельмі таленавіты. Памятайце пра гэта і працуйце!”.

Што ў выніку? Нядрэнны ўраджай сабралі на дарожках дамашняй арэны юныя мясцовыя аматары каралевы спорту. Двойчы – на дыстанцыях  600 і 1000 метраў –       першынствавала Ангеліна Сліва, а Юлія Лешык  станавілася другой. Спрынт на  30 метраў выйграў Аляксей Ізафатаў, а Дзяніс Дыдышка вызначыўся другім вынікам у бегу на 600 і 1000 метраў. Дэбютная на турніры дысцыпліна – 2000 метраў спартыўным крокам – з усіх удзельнікаў найлепшым чынам пакарылася нашаму Аляксею Буйкевічу. Як і камбінаваная эстафета, пераможны квартэт якой склалі, у большасці, знаёмыя ўжо асобы: Ангеліна Сліва, Юлія Лешык, Аляксей Ізафатаў і Ягор Амбражэй.

А вось у спаборніцтвах па скачках сярод прызёраў ляхавічан не аказалася. Тут першынствавалі нашы суседзі з Баранавіч. Напрыклад, у спаборніцтвах юнакоў па трайным скачку п’едэстал гонару аказаўся поўнасцю “баранавіцкім”.

Пераможцы і прызёры ат-рымалі граматы аддзела  фізічнай культуры, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама, грашовыя прызы ад чэмпіёна і, канешне, віншаванні і шмат добрых пажаданняў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *