Фізкульт-ура, настаўнік!

Мы і цяпер сустракаемся, як даўнія добрыя сябры: успамінаем настаўнікаў, вучняў, школьныя прыгоды і, зразумела ж, нашы спартыўныя дасягненні, над якімі працавалі да сёмага поту. Праўда, Станіслаў Жагунь прыйшоў настаўнікам фізвыхавання ў Жарабковіцкую СШ ужо тады, калі наша баскетбольная каманда і яе трэнер Іван Корсак аб’ездзілі паўрэспублікі. Нас, добра падрыхтаваных у гэтым відзе спорту, і прыняў на далейшае выхаванне малады настаўнік, які нядаўна закончыў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум, дзе ўсур’ёз займаўся вольнай барацьбой і лёгкай атлетыкай. Станіслаў Францавіч памятае першы ўрок у Жарабковіцкай школе, памятаюць і былыя вучні: ён пачаўся… з уборкі стадыёна. Гэта быў добры выхаваўчы момант для нас усіх: рабочае месца павінна быць у парадку.

Сёння прызнаюся, што мы, старшакласніцы-баскетбалісткі, крыху ігнаравалі маладога настаўніка, маўляў, сярод нас трое ўжо маюць першы юнацкі спартыўны разрад, а некаторыя нават атрымалі прапанову працягваць вучобу ў сталічнай школе алімпійскага рэзерву. Ды і па ўзросце ён быў старэйшы ўсяго на некалькі гадоў. Крыху пазней трэнер даказаў нам і ўсёй школе, што, акрамя баскетбола, ёсць яшчэ і іншыя захапляльныя віды спорту, і што займацца імі патрэбна не толькі дзеля рэкордаў, а найперш для загартоўкі, у тым ліку і характару. Былі і спартыўныя перамогі, якія ўжо належалі іменна яму як трэнеру. Першая — у рэспублікан-скай лёгкаатлетычнай спартакіядзе «Старты надзей», дзе сямікласнікі вясковай школы выйшлі ў фінал.

Так супала: мы закончылі школу, а Станіслаў Жагунь перайшоў працаваць настаўнікам фізвыхавання ў сваю родную Мядзведзіцкую СШ. Гэта была яго самая запаветная мара. Дарэчы, пасля мы даведаліся, што звалі тую мару Лідзія Міхайлаўна — настаўніца, якая стала жонкай Станіслава Францавіча.

У 1980 годзе ён закончыў спарт-фак Брэсцкага педінстытута імя Пушкіна. Гэта былі гады, калі спортам захапляліся масава, спрабавалі свае сілы і на бегавых дарожках, і ў спартыўных залах, а астатнія былі заўзятымі балельшчыкамі. Асаблівая ўвага надавалася спартыўнай падрыхтоўцы моладзі. На самы высокі ўзровень была пастаўлена арганізацыя спартакіяды «Старты надзей». Да гэтага рэспубліканскага свята пяцікласнікі Мядзведзіцкай СШ — пераможцы занальных абласных гульняў — цэлы месяц рыхтава-ліся ў Баранавічах. Разам са спартыўнымі дасягненнямі абавязкова ўлічваліся поспехі ў вучобе. Як успамінае Станіслаў Жагунь, дні, праведзеныя ў Мінску, удзел у гэтых масавых спаборніцтвах запомніліся назаўсёды і дзецям, і дарослым выдатнай арганізацыяй, багацейшай культурнай праграмай. І жаданай перамогай: Мядзведзіцкая СШ, якая прадстаўляла Брэсцкую вобласць, заняла трэцяе месца. Ці варта гаварыць пра ролю  ў гэтым настаўніка фізвыхавання Станіслава Жагуня, які настойліва працаваў з рабятамі. Прычым дабіваўся не толькі добрых спартыўных вынікаў, але здолеў зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак вучыць матэматыку, мову, літаратуру…

Почырк настаўніка Жагуня ў тым і заключаецца, што педагог выхоўвае маладое пакаленне, вучыць рабят быць здаровымі і багатымі духоўна. Ён падрыхтаваў 13 чэмпіёнаў вобласці па лёгкай атлетыцы і ручным мячы, 14 яго вучняў закончылі фізкультурныя навучальныя ўстановы. Яго вучнямі былі майстар спорту, рэкард-сменка рэспублікі па бегу Валянціна Макавецкая, чэмпіён паралімпійскіх гульняў Дзмітрый Лобан, бягун на доўгія дыстанцыі, прызёр рэспубліканскіх спабор-ніцтваў Часлаў Свінабурка і іншыя вядомыя спартсмены.

Кожны ўрок Станіслава Францавіча  паказальны, а яго вопыт  важны і запатрабаваны. Самую высокую ацэнку атрымаў настаўнік у Брэсце, дзе даваў 2 майстар-класы, у Баранавічах. 22 адкрытыя ўрокі правёў ён і для сваіх калег з раёна.

Асаблівае захапленне Станіслава Жагуня — шахматы. Ён лічыць, што гэты від спорту вучыць думаць, дысцыплінуе, загартоўвае характар. Некалі, у пачатку 80-х гадоў, спецыяльна абсталяваў клас і прапанаваў шахматны ўсенавуч. Праз 2 гады ў шахматы гулялі ўсе мядзведзіцкія школьнікі. І каманда шахматыстаў для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах фарміравалася з вучняў Мядзведзіцкай школы, прычым, часта станавілася прызёрам.

Станіслаў Жагунь сёння вельмі шкадуе, што тая мода на «гімнастыку розуму» прайшла, мала аматараў гэтага віду спорту і ў яго роднай школе. Не хоча настаўнік, каб губляліся даўнія добрыя традыцыі, таму часам ладзіць шахматныя турніры.

Ён сочыць за поспехамі сваіх выхаванцаў, ён па-ранейшаму — настаўнік. А нядаўна адкрыў у сабе новыя здольнасці: стаў пісаць вершы. Рыфмаванымі радкамі расказвае пра свае захапленні, родны край і каханне. А ўсё пад уплывам, прызнаўся, паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», якая з’яўляецца яго настольнай кнігай. А адпачывае Станіслаў Францавіч на пчальніку,  любіць хадзіць на паляванне, але часцей дзеля азарту, чым за здабычай. Яго духоўнай патрэбнасцю стала наведванне касцёла. Іменна ў сценах гэтага старога храма — святога месца для каталікоў — ён чэрпае духоўныя сілы і натхненне.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *