Зарплатны лікбез

Артыкулам 55 Працоўнага кодэкса Рэспублікі  Беларусь прадугледжана, што пры арганізацыі працы работнікаў наймальнік абавязаны выдаваць заработную плату ў тэрміны і памерах, устаноўленых заканадаўствам, калектыўным дагаворам, пагадненнем або працоўным дагаворам. Пры гэтым згодна з артыкулам 73 ПК выплата заработнай платы ажыццяўляецца не радзей за два разы ў  месяц.
Для асобных катэгорый работнікаў заканадаўствам могуць быць вызначаны іншыя тэрміны выплаты заработнай платы. Так, пунктам 4 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» прадугледжана, што выплата заработнай платы праводзіцца рэгулярна ў дні, вызначаныя калектыўным дагаворам (пагадненнем), працоўным дагаворам (кантрактам), але не радзей за адзін раз у месяц.
казанае вышэй у роўнай ступені адносіцца і да выплаты сярэдняга заработку, які захоўваецца за час працоўных водпускаў, што прадастаўляюцца работнікам. Згодна з артыкулам 176 ПК наймальнік абавязаны выплаціць сярэдні заработак за час працоўнага водпуску не пазней чым за два дні да пачатку водпуску, а згодна з пунктам 4 Дэкрэта № 29 сярэдні заработак за ўвесь час працоўнага водпуску выплачваецца не пазней чым за адзін дзень да пачатку працоўнага водпуску. Напрыклад, пры пачатку працоўнага водпуску 6 чысла сярэдні заработак за час працоўнага водпуску работніку, з якім заключаны кантракт, павінен быць выплачаны не пазней 24.00 гадзін 4 чысла, а ў выпадку заключэння бестэрміновага працоўнага дагавора – не пазней 24.00 гадзін 3 чысла.
Пры супадзенні тэрмінаў выплаты заработнай платы з выхаднымі днямі ці дзяржаўнымі святамі і святочнымі днямі яна павінна выплачвацца напярэдадні іх.
Са згоды работніка дапускаецца замена грашовай аплаты цалкам ці часткова натуральнай аплатай (змешаная форма аплаты). Натуральная аплата ўзамен грашовай павінна быць прыдатнай для асабістага спажывання і выгаднай для работніка і яго сям’і.
Зацверджаны пералік тавараў, якімі не можа выконвацца натуральная аплата працы наймальнікамі. У яго ўвайшлі нафтапрадукты, гаруча-змазачныя матэрыялы, лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння, дэзынфекцыйныя сродкі, алкагольныя напіткі, тытунёвыя вырабы, наркатычныя рэчывы, нехарчовая спіртаўтрымліваючая прадукцыя, у тым ліку парфумерна-касметычная, з аб’ёмнай доляй этылавага спірту ад 7 працэнтаў і вышэй, каштоўныя металы і камяні і іншае.
Таксама недапушчальна натуральная аплата ў форме выдачы даўгавых абавязацельстваў, распісак, харчовых і прамысловых картак і іншых заменнікаў грашовых сродкаў.
Заработная плата ў натуральнай форме можа выплачвацца работніку шляхам выдачы прадукцыі (тавараў), якая вырабляецца ў арганізацыі або набытай у трэціх асоб за выключэннем тавараў, выдача якіх забаронена ўрадам Рэспублікі Беларусь.
Замена грашовай аплаты цалкам або часткова натуральнай (змешаная форма аплаты) дапускаецца толькі са згоды работніка. Такую згоду неабходна атрымліваць  і ў тых выпадках, калі натуральная або змешаная аплата прадугледжана ў калектыўным дагаворы.
Абавязковага пісьмовага афармлення згоды заканадаўства не патрабуе, таму яно можа быць і вусным. Калі работнік атрымліваў натуральную аплату і не абскардзіў дзеянні наймальніка, то гэта расцэньваецца як згода.
У адпаведнасці з артыкулам 75 ПК выплата заработнай платы работнікам ажыццяўляецца, як правіла, па месцы выканання імі працы.
Калі работнік у дзень выплаты заработнай платы выконвае даручэнне наймальніка па-за месцам работы (у арганізацыі заказчыка, службовай камандзіроўцы, на курсах павышэння кваліфікацыі і  г. д.), то па просьбе работніка наймальнік павінен за свой кошт выслаць яму належную заработную плату. Па жаданні работніка (як правіла, пры наяўнасці пісьмовай заявы) заработная плата цалкам або часткова пералічваецца на рахунак у банку.
Пры звальненні работніка ўсе выплаты, належныя яму ад наймальніка на дзень звальнення, ажыццяўляюцца не пазней дня звальнення. Калі работнік у дзень звальнення не працаваў, то адпаведныя выплаты павінны быць зроблены не пазней наступнага дня пасля прад’яўлення ім патрабавання аб разліку.
Нагляд за выкананнем заканадаўства аб працы, у тым ліку і за выкананнем наймальнікамі парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы ажыццяўляе дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Па пытанні нявыплаты заработнай платы можна звярнуцца ў адпаведныя структурныя падраздзяленні дэпартамента па месцы рэгістрацыі наймальніка.
Аляксандр УЛАСАВЕЦ,
першы намеснік старшыні камітэта  па працы, занятасці  і сацабароне   аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *