Няшчырасць пад капірку

Раскоша, якую можа дазволіць сабе кожны, – шчырасць. Ды і не раскоша ўвогуле. З ёю светла бачыцца, вольна дыхаецца, спакойна спіцца. Прыемнасць, знак даверу, чыстасардэчнасці, зрэшты, самапавагі і павагі да субяседніка – гэта яна, шчырасць (не блытаць з ліслівасцю, штучна шматслоўнай зацікаўленасцю ў суправаджэнні бясконцых «як я вас разумею», «няўжо?», «што вы гаворыце?», «як так можна…»).
На жаль ці не на жаль, але эталонаў шчырасці не існуе, як не існуе і адзінак яе вымярэння. У кожнага – свой індыкатар. Асабіста для мяне  такім з’яўляюцца напісаныя хлопчыкамі і дзяўчынкамі лісты да Дзеда Мароза, а яшчэ пісьмы выхаванцаў дзіцячых дамоў – да мамаў-татаў з адзіна запаветнай просьбай: прыязджайце.
З чаканнем менавіта шчырасці глядзела на ўнушальны стос работ, дасланых на творчы конкурс, аб’яўлены раёнкай і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Раскажыце пра любімага настаўніка – такая тэма была пастаўлена перад чытачамі –  школьнікамі, студэнтамі, дарослымі. Без абмежавання ўзросту. Канешне, актыўнічалі сённяшнія вучні. Салідная кіпа  лістоў фармата А-4 здавалася не паперай з радкамі, набранымі аднолькавым кам’ютарным почыркам, а нечым адухоўленым. Думалася, верылася, чакалася, прадчувалася, што  ў іх – канцэнтрат чыстых пачуццяў, вялікай удзячнасці, абсалютнай любві, таму што тэма зададзена сардэчная і надзвычай блізкая любому. І сапраўды, у прызнаннях аўтараў усё гэта было: у нумары «ЛВ», прысвечаным Дню настаўніка, дзевяць шчырых  споведзяў-віншаванняў, якія не маглі не расчуліць, не выклікаць  рэзанансам настальгічна светлых разважанняў пра педагогаў, успамінаў пра школьнае жыццё і пераасэнсавання ўсяго гэтага ў кантэксце асабістага лёсу, нават біяграфіі краіны. Як жа даверліва прагучалі маналогі нашых канкурсантаў-лаўрэатаў.
Менавіта іх, таму што за прыгожымі радкамі многіх іншых шчырасці не аказалася. Не, гучалі канкрэтныя прозвішчы і адрасы, узвышаныя словы, было шмат клічнікаў і шматкроп’яў. Толькі раптам спатыкнулася позіркам на абзацах-блізнятах і спачатку не паверыла ўласным вачам: аднолькавы тэкст, слова ў слова… пра маму-настаўніцу, пра педагогаў-прадметнікаў, пра першую настаўніцу. Як жа так?! Інтэрнэт даў дакладны адказ: у скачаныя з яго работы былі падстаўлены мясцовыя, скажам так, каардынаты. Шматразова.
Шчырасці не атрымалася. Не будзем гаварыць пра плагіят, не станем – пра шпаргалку. Галоўнае расчараванне ў тым, што струны юных душ, якія могуць і павінны гучаць не фальшыва, – проста маўчаць. Памятаеце ў Забалоцкага: «душа обязана трудиться и день и ночь, и день и ночь». А калі яна ў бестэрміновым адпачынку? Можа адбыцца адміранне.
Магчыма, не стала б узгадваць пра гэта расчараванне, калі б сітуацыя адбылася ўпершыню. На жаль,  «не прэм’ера»…
Давайце задумаемся, чаму так адбываецца. Мусіць, у мітусні штодзённых спраў мы ўпускаем нешта жыццёва важнае, для чаго не існуе метрычных параметраў і эталонаў, але без чаго чалавек набліжаецца да робата, аўтамата, запраграмаванага на дыяпазон многіх дзеянняў, але вельмі абмежаваных пачуццяў. Я пра шчырасць, носьбітам якой бывае толькі чалавек. Душэўна-духоўную загартоўку ён атрымлівае з дзяцінства. Не даць згубіць чыстую веру ў сардэчнасць адносін паміж людзьмі, патрэбу быць самім сабой, гаварыць свае кампліменты, а не рафінаваныя, з інтэрнэту – гэта так проста, і гэта так складана. Калісьці такіх «складанасцей» было значна менш. Праўда, тады ўсе чыталі і «Як гартавалася сталь», і «Маладую гвардыю», і многае іншае з таго, што сёння, калі і трапляе на вочы, то часта ў скарочаным варыянце. Чыталі, абмяркоўвалі, спрачаліся, выказвалі сваё стаўленне да нематэрыяльных каштоўнасцяў жыцця. Суперажывалі. А ў адзнацы за такі пазакласны ўрок улічвалася і шчырасць.
…Калі «ЛВ» аб’яўляе творчы конкурс, ён чакае ВАШЫХ роздумаў, ВАШЫХ разважанняў, ВАШЫХ работ, дарагія чытачы, ва ўзгаданым выпадку – юныя чытачы (менавіта пераважна яны былі аўтарамі лістоў пра настаўнікаў).
Вольга БАРАДЗІНА.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Няшчырасць пад капірку: 1 комментарий

  • 09/11/2017 в 14:01
    Permalink

    У самы яблычак! Сам не люблю, калі віншуюць з паперкі, казённымі, чужымі словамі. Няхай і не так складна, але затое ад душы, шчыра гучаць свае. Тады сапраўды верыш у тое, што пажаданні спраўдзяцца.
    Наконт сачыннняў. Лічыў і лічу, што словы «падумай сам» актуальны ва ўсе часы, асабліва зараз. Бацькі, настаўнікі гэтай тэме — тэме самастойнасці думкі, чужога аўтарства і адказнасці за прысваенне чужога павінны надаць самую вялікую ўвагу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *