Апошнія крокі ўборачнага марафону

Руху на аграрных палетках усё менш, але яшчэ нямала, нягледзячы на заканчэнне сельскагаспадарчага года. Даўборка таго, што яшчэ застаецца ў полі, так званая зяблевая апрацоўка глебы, хімпраполка азімых зерневых – кожны з пералічаных і не толькі відаў работ займае зараз месца ў актуальным рабочым графіку вяскоўцаў.
Мяркуючы па сярэднераённай ураджайнасці, якая мала што саступае 500 цэнтнерам з гектара, гэты год для цукровых буракоў можна лічыць    удалым. Як і ў папярэднія,   статус фаварыта захоўваюць за сабой «Жарабковічы» – і па аб’ёмах, і па прадукцыйнасці занятай пад культурай плошчы. Кожны з 900 гектараў даў больш за 530 цэнтнераў караняплодаў. Свой «салодкі» ўборачны марафон акцыянернае таварыства завяршае. Па стане на пачатак лістапада, нявыкапанымі заставалася прыкладна 6-7 працэнтаў першапачатковых плошчаў.
На гэтым фоне ў райаграсэрвіса ўсё больш сціпла. Буракі вырашчаны на плошчы 200 гектараў. Сярэдняя прадукцыйнасць «салодкай» сэрвісаўскай нівы выходзіць амаль што на 300 цэнтнераў прадукцыі. Не «Жарабковічы». А вось, што тычыцца тэмпаў руху па ўборачнай дыстанцыі, гаспадаркі знаходзяцца прыкладна на паралельных курсах: на мінулы чацвер пад бацвіннем у сэрвісе заставалася каля  5 працэнтаў салодкіх плошчаў.
Згодна статыстыкі райсельгасхарчу, ААТ  «Шлях новы» з уборкай салодкага кораня затрымаецца даўжэй за іншых. Выкапана каля 350 з 600 гектараў буракоў. А вось важкасць навасёлкаўскага гектара мала што саступае жарабковіцкаму і набліжаецца да 510 цэнтнераў.
Важнейшым і якасным, і эканамічным паказчыкам для бурака з’яўляецца ступень яго цукрыстасці. Базавая аснова – 16 працэнтаў. Калі вышэй, то лепш і выгадней. І наадварот. Дзякаваць уменню, старанням і працавітасці людзей, «наадварот» для ляхавіцкіх буракаводаў не з’яўляецца актуальнай тэмай. Цукрыстасць жарабковіцкай прадукцыі складае 16,01, райаграсэрвісаў-               скай – 16,49, навасёлкаўскай – 16,55 працэнта.
Звыклым штрыхом восені з’яўляюцца аўтамабілі-велікагрузы, да краёў запоўненыя салодкай сыравінай. Баранавіцкі буракапрыёмны пункт выступае ў ролі перавалачнага тэрміна-ла – канчатковым пунктам для прадукцыі ў тым ліку ляхавіцкіх палёў з’яўляецца Жабінкаўскі цукровы завод. Двое нашых буракавытворцаў справіліся з пастаўкай сваёй прадукцыі ў залік дзяржзаказу. ААТ «Шлях новы» пакуль не, але паступова выходзіць на адзнаку ў   90 працэнтаў ад масы «заказанага» дзяржавай.
Іншым істотнай велічыні кавалкам работы, які пакуль яшчэ застаецца ў полі, з’яўляецца кукуруза, якую ўбіраюць на зялёны корм, сілас і зерне. З першым у аграрыяў раёна справы выглядаюць у больш выгадным святле. «Ліпнянка», «Ляхавіцкі» сваё зялёнае багацце ўбралі і прыбралі, іншыя ўбралі каля 90 працэнтаў ад пасеяных плошчаў. Сярэднераённы зялёны гектар гэтай культуры важыць у межах 285 цэнтнераў, на фоне чаго сабраныя «Ляхавіцкім» 450 цэнтнераў з адзінкі плошчы     выглядаюць майстарскім    вынікам.
Кукурузу ў якасці зерневага кампанента запланавалі для сябе «Жарабковічы», «Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Нача», «БелДан». Першыя чатыры абмалот вядуць у розным тэмпе і з неаднолькавай ураджайнай паспяховасцю. Лідар – «Ляхавіцкі», з супрацьлеглага боку – «БелДан», дзе, па стане на пачатак месяца, усе 140 кукурузных зерневых гектараў, згодна прадстаўленай райсельгасхарчам статыстыкі, стаялі некранутымі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *