Апошнія акорды і кукурузныя рэкорды. Работ на сельскагаспадарчых палетках Ляхавіччыны застаецца ўсё менш і менш

Работ на сельскагаспадарчых палетках застаецца ўсё менш і менш. Відавочна, іх ужо яўна не восем, як вядомае выслоўе «прыпісвае» гэтай пары года. Лік больш сціплы, працэс характарызуецца аптымістычнай тэндэнцыяй, і зусім верагодна, што на момант выхаду гэтага нумара «ЛВ», ён страціць яшчэ адну-дзве пазіцыі.

Пакуль жа, па стане на сярэдзіну бягучага тыдня, мы палічылі да трох. Іменна на столькіх відах палявых работ засяроджаны гэтай лістападаўскай парой аграрыі Ляхавіччыны. Убіраюцца цукровыя буракі і кукуруза на зерне, працягваецца ўздым глебы – няхай зябне на карысць будучага высокага ўраджаю.
На сераду ў палях   ААТ «Жарабковічы» заставалася два дзясяткі гектараў цукровых буракоў. Для буракаўборачнага камбайна гэта суткі работы. Прычым у рэжыме «лайт», улічваючы, што, згодна са справаздачнай статыстыкай, за аналагічны папярэдні адрэзак часу ён справіўся з у паўтара раза большымі гектарамі. У сезоне цукровай культуры ў гаспадарцы было 860 гектараў, кожны з якіх даў у сярэднім 580 цэнтнераў досыць якаснага, цукрыстасцю амаль у 17 працэнтаў прадукту. Буракі паступова вывозяцца на прыёмна-перавалачны пункт, прадаюцца ў залік дзяржаўнага заказу, працэнт выканання якога ўжо наблізіўся да 90 пунктаў. Другая наша «салодкая» гаспадарка – «Шлях новы» – з уборкай завяршыла і гэтымі днямі, хутчэй за ўсё, на 100 працэнтаў завершыць сваю праграму дзяржпаставак.


Паўтары тысячы гектараў кукурузы на зерне! Здаецца, гэта цягне на рэкорд. Калі ў тых жа «Жарабковічах» – 115, «Шляху новым» – 140, «Ляхавіцкім» – 100, а ў «Начы» і таго менш – КСУП «Ліпнянка» сёлета адвяло пад кукурузу на зерне 1,5 тысячы гектараў. Адвяло, вырасціла і гэтымі восеньскімі днямі завяршае яе ўборку. З гіганцкага, паўтаратысячнага кавалка на пні, на мінулую сераду заставалася ня-многім больш за сотню гектараў. На фоне іншых сельгасарганізацый раёна хваліцца ўраджайнасцю не выпадае, але прагназуемы вал кукурузнага хлеба ў амаль шэсць тысяч тон таксама здаецца рэкордным.
І пра ўздым зябліва, якое хоць і мае аптымальныя тэрміны, хутчэй за ўсё будзе працягвацца. Ці да канца планавага поля, ці да наступлення ўстойлівай прамерзласці глебы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.