Рэжысура для пачастункаў

Каб пасля святаў заставацца бадзёрым, актыўным і здаровым, прытрымлівайцеся простага правіла: ужывайце толькі свежапрыгатаваныя стравы. Інакш можна стаць ахвярай атручвання.

Нямала бед можа прынесці ўжыванне нясвежых прадуктаў (кандытарскіх вырабаў з крэмам, рыбы, мяса, яек, салатаў і г.д.), даяданне страў, якія засталіся пасля свята. Стафілакокі і стрэптакокі (а дакладней, прадукты іх жыццядзейнасці – таксіны), што ўтрымліваюцца ў падпсаваных прадуктах, сапсуюць вам жыццё.
Узбуджальнікі кішачных інфекцый не толькі захоўваюцца, але і інтэнсіўна размнажаюцца ў розных стравах, асабліва пры няправільным захоўванні.
Не сакрэт, што на фоне ажыятажнага попыту на прадукты напярэдадні свята, некаторыя прадпрыемствы гандлю стараюцца збыць заляжалы тавар пад прыкрыццём скідак. Заўсёды цікаўцеся тэрмінам рэалізацыі харчовых прадуктаў і не купляйце іх, калі гэты тэрмін скончыўся ці калі яны рэалізуюцца пры адсутнасці халадзільнага абсталявання.
Гатовыя мясныя салаты, запраўленыя маянэзам, захоўваць нават у халадзільніку можна не больш за суткі. Памятайце пра небяспеку, якой чалавек падвяргае сябе і сваіх блізкіх, набываючы прадукты ў месцах стыхійнага гандлю. У першую чаргу гэта датычыць кандытарскіх, малочных і мяса-малочных вырабаў. Невядома, дзе яны былі прыгатаваны, ці не былі парушаны ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.
Не рэкамендуецца захоўваць працяглы час хуткапсавальныя прадукты, у тым ліку дамашняга прыгатавання, ужываць ягады, фрукты, агародніну без мыцця.
Захоўванне страў без холаду не павінна перавышаць 2 гадзіны.
Катэгарычна нельга рэзаць сырое мяса, свежую агародніну і фрукты на адной дошцы, дапускаць сутыкненне сырых прадуктаў, такіх як мяса, агародніна, фрукты, рыба, яйкі, з гатовымі – каўбасой, сырам, хлебам, тварагом.
Кішачныя інфекцыі могуць узнікаць і пры ўжыванні недабраякаснай пітной вады.
Адным словам, свята без наступстваў залежыць і ад таго, што мы паставім на навагодні стол.

Ларыса КЕНДЫШ,
памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ/

Выкарыстана ілюстрацыя. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *