З токам не жартуюць

Электрабяспека ў жылым доме пачынаецца з мантажу і правільнай эксплуатацыі электраправодкі. Зношанасць унутранай электраправодкі ў жылых дамах, пабудаваных у савецкія часы, складае ад 80 да 100 працэнтаў. Падчас працяглай эксплуатацыі ізаляцыя правадоў губляе электраізаляцыйныя ўласцівасці, пачынае асыпацца, агаляючы токаправодныя жылы. Алюмініевыя правады становяцца ломкімі, з’яўляецца бясконцая колькасць скрутак, якія самавучкі-электрыкі робяць у самых непрадказальных месцах. Да ўсяго гэтага дабаўляецца электрычная нагрузка падключанымі бытавымі прыборамі. У выніку – высокая верагоднасць узнікнення пажараў. Таму пры рамонце памяшканняў у жылым доме неабходна замяніць і электраправодку. Рабіць гэта павінен кваліфікаваны спецыяліст.
Прытрымліваючыся простых правілаў электрабяспекі, вы засцеражаце сябе і сваіх блізкіх ад няшчасных выпадкаў.

Калі ў вас старая электраправодка, не ўключайце ў электрычную сетку адначасова некалькі электрапрыбораў вялікай магутнасці.
Калі пры ўключэнні бытавых электрапрыбораў аўтаматычны выключальнік у электрашчытку адключаецца, нельга яго якім-небудзь чынам блакіраваць або замяняць на аўтаматычны выключальнік з большым намінальным токам.
Не выкарыстоўвайце бытавыя прыборы з няспраўнымі шнурамі або парушанай ізаляцыяй.
Не дакранайцеся мокрымі рукамі і не выцірайце мокрай сурвэткай электрапрыбор, уключаны ў сетку. Не пакідайце электрапрыборы, уключаныя ў сетку, без нагляду.
Пры любой няспраўнасці электраправодкі ў вашым доме (дыміць разетка, трэск, мільгаюць лямпачкі, пах ізаляцыі і інш.) выключыце аўтаматычны выключальнік або выкруціце засцерагальнік і выклікайце дзяжурнага электрыка.
Віктар РАМАНОВІЧ,
інспектар энергаінспекцыі раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *