Памятаць пра ахвяры, каб папярэдзіць новыя трагедыі

Тэхнічны прагрэс прынёс людзям, на жаль, не толькі паляпшэнне якасці жыцця. Яго выдаткамі сталі, напрыклад, не заўсёды бяспечныя адносіны чалавека і аўтамабіля. Пра тое, што праблема дарожна-транспартнага траўматызму ва ўсім свеце набыла надзвычай трывожныя маштабы, сведчыць і наступны факт: з 2005 года ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у трэцюю нядзелю лістапада адзначаецца Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. А сёлета ў Беларусі пайшлі далей: з 15 па 21 лістапада будзе праходзіць рэспубліканская акцыя – тыдзень памяці ахвяр ДТЗ.
Няўважлівасць і недысцыплінаванасць на дарозе часам каштуюць вельмі дорага. За апошнія 15 гадоў на тэрыторыі Ляхавіччыны ў ДТЗ загінуў 121 чалавек. Большасць – маладыя, здаровыя, ім было жыць ды жыць…
Страшныя лічбы. І яны яшчэ больш уражваюць, калі ўсведамляеш, што за кожнай з іх – лёс канкрэтнай сям’і, канкрэтнага чалавека, які быў чыімсьці сынам ці дачкой, бацькам ці маці, мужам або жонкай, суседам, калегам, сябрам…
Лічбы гэтыя, між іншым, далёка не поўнасцю адлюстроўваюць сітуацыю. За гэты ж перыяд яшчэ больш за 250 чалавек у дарожна-транспартных здарэннях атрымалі траўмы. Вылечыліся, на жаль, не ўсе.
Статыстыка даўно выявіла самыя небяспечныя ў раёне аўтадарогі.
Баранавічы–Ляхавічы. На гэтай ажыўленай трасе з 2006 года па сённяшні дзень (за няпоўныя 5 гадоў) здарылася 23 аварыі, у якіх загінулі 15 і атрымалі траўмы 25 чалавек. 2 ДТЗ са згаданых з двума загінуўшымі і двума траўміраванымі – на рахунку 2010 года.
Граніца Расійскай Федэрацыі–Крычаў–Бабруйск–Івацэвічы. За гэты ж час – 12 ДТЗ, 6 чалавек загінулі і 9 атрымалі траўмы.
Ляхавічы–Крывошын– Свяціца. 5 аварый. 3 смерці. 2 чалавекі з траўмамі.
Асноўныя прычыны дарожна-транспартных здарэнняў на тэрыторыі раёна вызначаюц-ца сумным пастаянствам. Сярод іх – наезд на пешахода, не абазначанага святлоадбівальнымі элементамі, і выезд аўтамабіляў на паласу сустрэчнага руху пры здзяйсненні абгону, што прыводзіць да лабавога сутыкнення транспартных сродкаў. З пачатку 2006 года ў раёне зарэгістравана 3 дзесяткі ДТЗ з удзелам пешаходаў і 20 лабавых сутыкненняў аўто. Застацца жывым пасля такіх траўманебяспечных аварый шчасціць далёка не ўсім.
Сваё пастаяннае месца ў рэйтынгу аварыйнасці трывала займаюць і здарэнні з удзелам аднаго транспартнага сродку: за 5 гадоў на тэрыторыі Ляхавіччыны зарэгістравана 16 перакульванняў аўтамабіляў і 15 наездаў на перашкоду (часцей за ўсё – дрэва). У спіс ахвяр яны дадалі 8 загінуўшых і 33 выпадкі траўміравання людзей. Прычыны гэтых ДТЗ таксама не новыя, часцей за ўсё – перавышэнне дазволенай скорасці, алкаголь у крыві вадзіцеля.
Тыдзень памяці ахвяр ДТЗ праводзіцца з мэтай прыцягнуць увагу кожнага ўдзельніка дарожнага руху (не толькі іншых вадзіцеляў, але і пасажыраў, пешаходаў, веласіпедыстаў) да праблемы дарожнай небяспекі.
Дарэчы, падчас акцыі Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе вадзіцелям аўтамабіляў рухацца з уключаным блізкім святлом фар. І такім чынам не толькі успомніць усіх, хто загінуў у ДТЗ, але і ў справу забеспячэння дарожнай бяспекі ўнесці канкрэтны ўклад: па-хмурнымі восеньскімі днямі ўключанае святло зробіць ваша аўто больш бачным.
Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *