Праверка для эрудытаў

З 8 па 12 студзеня ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Кобрыне, Івацэвічах разгарэліся самыя сапраўдныя інтэлектуальныя баталіі. Амаль тысяча школьнікаў з ўсіх раёнаў вобласці ўдзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па выніках раённага тура ў фінал абласной алімпіяды трапілі 18 юных эрудытаў з Ляхавіцкага раёна.
На жаль, сёлетнія спаборніцтвы для нашых разумнікаў сталі менш выніковымі, чым папярэднія. Але без дыпломаў ляхавічане не засталіся і прывезлі дадому ўзнагароды ІІІ ступені. Па традыцыі найбольш дыпламантаў – гімназісты: 11-класнікі Кацярына Козел па беларускай мове (настаўніца Святлана Ермаковіч) і Антон Пальчык па геаграфіі (настаўніца Галіна Бурбіцкая). Добрыя веды па грамадазнаўстве дапамаглі стаць прызёркай абласнога этапу алімпіяды 10-класніцы  СШ № 1 Карыне Лагун (настаўніца Алена Камко).
– Не першы раз удзельнічаю ў прадметнай алімпіядзе.
Летась – па беларускай мове. Тады крыху не дацягнула да прызавога месца. Думаю, што і сёлета магла паказаць сябе лепш – пашкодзіла залішняе хваляванне. Хаця надзвычай старалася, – дзеліцца ўражаннямі Карына Лагун. Дарэчы, у дзяўчыны шмат захапленняў. У мінулым годзе яна заняла першае месца ў абласным этапе конкурсу «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», стала лепшай на абласной алімпіядзе сярод галоўных рэдактараў школьных газет.
– Карына проста малайчына! Веды ў яе трывалыя, шмат працавала і на зімовых канікулах, не толькі паўтарала пройдзены матэрыял, але і вучыла новы. Канешне, на абласным этапе алімпіяды высокі ўзровень канкурэнцыі, таму трэцяе месца – вельмі дастойная ацэнка – гаворыць настаўніца Карыны Алена Камко.
Сярод сельскіх школ сёлета вызначылася Тальмінавіцкая. Захапленне біялогіяй прынесла вучаніцы 9 класа Ульяне Азімка (настаўніца Ірына Есіс) таксама трэцяе месца на абласным этапе.
Марыя САРАКАВІК,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі,
спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *