Парламент. Сувязь з раёнам

Паважаныя выбаршчыкі!

Закончыўся 2017 год – першы год выканання маіх паўнамоцтваў у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7. Год быў напружаным. Парламентам разгледжаны дзясяткі законапраектаў.
У адпаведнасці з рашэннямі Усебеларускага народнага сходу, дэпутаты Палаты прадстаў-нікоў працавалі над удасканаленнем дзеючай заканадаўчай базы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Пры ўдзеле пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, якой я кірую, падрыхтаваны шэраг прапаноў і змяненняў у 24 законапраекты Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, такіх, як законы «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб Нацыянальным сходзе», «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь», «Аб дэмаграфічнай бяспецы ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы», «Аб дзяржаўнай падтрымцы маладзёжных і дзіцячых арганізацый», «Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту», «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях», «Аб аднаўляемых крыніцах энергіі», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» і інш.
Падрыхтаваны і разгледжаны законапраекты ратыфікацый «Крэдытнага пагаднення (Праграма па водным сектары ў Рэспубліцы Беларусь) паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця», «Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан аб паветранай сувязі».
Пастаяннай камісіяй напрацаваны шэраг прапаноў і ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» па актывізацыі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (АТГС). Многія пытанні па павышэнні камфортнасці месцаў пражывання грамадзяне могуць вырашаць сумесна з мясцовай уладай, рэалізуючы свае ініцыятывы. З гэтай мэтай таксама вывучаны вопыт работы АТГС у Мінску і Гомельскай вобласці, праведзены ў Палаце прадстаўнікоў круглы стол з удзелам вучоных і практыкаў.
Падчас сустрэчы са спецпрадстаўніком ПА АБСЕ Кентам Харстэдам былі абмеркаваны актуальныя пытанні ўдасканалення міжнароднага і выбарчага заканадаўства.
Прымаў удзел у сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапарламента па сувязях з Рэспублікай Беларусь, у афіцыйных мерапрыемствах 26 сесіі ПА АБСЕ.
Як старшыня пастаяннай камісіі па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання Міжпарламенцкай асамблеі краін СНД (Санкт-Пецярбург, РФ) забяспечваў падрыхтоўку мадэльных законапраектаў і іншых заканадаўчых актаў, карысных пры распрацоўцы нацыянальных заканадаўстваў краін СНД. Падрабязнасці на сайце: iacis.ru/structure/komissii_mpa/
За 2017 год у пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце мной было разгледжана 109 пісьмовых зваротаў грамадзян. Адзначу, што грамадзяне сталі больш актыўна прымаць удзел у заканатворчым працэсе, прапануючы змяненні ў заканадаўства. Напрыклад, грамадзянін прапанаваў змяніць практыку аплаты транспартнага збору з фізічных асоб.
Значна павысілася прававая культура грамадзян. Усё больш заяўнікі сталі непасрэдна звяртацца па пытаннях законнасці і правапарадку ў пракуратуру і суды, кіравацца нормамі Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, паскараючы тым самым вырашэнне сваіх пытанняў. У той жа час, некаторым заяўнікам, асабліва тым, хто прайшоў судовыя інстанцыі, даводзіцца тлумачыць немагчымасць умяшальніцтва ў рашэнні і дзеянні судоў.
Ранжыраванне пісьмовых зваротаў па актуальнасці: забеспячэнне законнасці і правапарадку (8,2%); сацыяльнае забеспячэнне (4,6); ЖКГ (3,5), ахова здароўя (2,1); праца (1,2%) і г.д.
На мой электронны адрас tsuprik@hause.gov.by паступіла таксама 200 электронных зваротаў. Палова з іх мае інфармацыйны характар і толькі 9 утрымліваюць прапанову аб змяненні нормаў заканадаўства. З улікам пісьмовых зваротаў у 2017 годзе ўлічаны ў законах Рэспублікі Беларусь прапановы па вылічэнні агульнага стажу падчас службы ў арміі для назначэння пенсіі, страхавога стажу за перыяд водпуску па доглядзе за дзіцем у шматдзетных сем’ях, перыяду догляду за інвалідамі І групы і пажылымі, больш жорсткія меры пакарання за перавышэнне скорасці руху і інш. Улічаны і перададзены ва ўрад для падрыхтоўкі праекта закона прапановы па вылічэнні дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
Усяго ў 2017 годзе мною праведзена 24 асабістыя прыёмы грамадзян у выбарчай акрузе № 7, падчас якіх звярнуліся 120 чалавек. У ходзе 21 прамой тэлефоннай лініі змаглі задаць свае пытанні 74 выбаршчыкі.
Пытанні, якія грамадзяне ўздымалі падчас прамых ліній, у асноўным датычацца якасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання, у тым ліку могілак, якасці вады, газіфікацыі населеных пунктаў, стану дарог і вуліц, будаўніцтва жылля, будаўніцтва і рамонту аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, пенсіённай тэматыкі. Займаўся рашэннем пытанняў медыцынскай дапамогі, бытавога абслугоўвання насельніцтва, у прыватнасці, забеспячэння палівам, паляпшэння транспартнага абслугоўвання, рамонту дарог, працаўладкавання і іншых пытанняў.
Адзначу, што асобныя пытанні жыхароў трох раёнаў маёй выбарчай акругі не з’яўляюцца новымі для органаў мясцовай улады. Зразумела, што для іх вырашэння часта неабходны значныя фінансавыя сродкі, асабліва для капітальных работ.
Па ўсіх паступіўшых зваротах, выконваючы волю выбаршчыкаў і абапіраючыся на статус  дэпутата Палаты прадстаўнікоў, прымаў меры па іх вырашэнні, прыцягваючы рэспубліканскія і мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.
Удзячны дэпутацкаму корпусу, кіраўніцтву і спецыялістам абласнога і раённых выканкамаў, кіраўнікам абласнога, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, сродкаў масавай інфармацыі, устаноў і арганізацый за канструктыўную сумесную работу. А таксама грамадзянам, якія ўнеслі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і шляхах рашэння пытанняў, якія іх цікавяць.

Леанід ЦУПРЫК,
дэпутат Палаты прадстаўнікоў   Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

One thought on “Парламент. Сувязь з раёнам

  • 13/02/2018 в 23:15
    Permalink

    Вот это депутат! Поработал — есть о чём и перед людьми отчитаться. Пример неравнодушия, компетентности и умения слушать и слышать выборщиков.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *