Законнае патрабаванне

Комплекс наглядных і правапрымяняльных мерапрыемстваў, накіраваных на больш эфектыўнае выкарыстанне магчымасцяў праваахоўнай сістэмы ў барацьбе са злачыннасцю і забеспячэннем законнасці, якія ў мінулым годзепракуратура раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі і праваахоўнымі органамі ажыццявіла, дазволіў дасягнуць пэўнай станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы крымінагеннай абстаноўкі, самага нізкага за апошнія тры гады ўзроўню злачыннасці. Прыемны ”мінус” – 4,8 працэнта – настолькі летась зменшылася колькасць злачынстваў, у тым ліку – учыненых групай асоб (з 29 да 22), асобамі, якія маюць не знятую і не пагашаную су-дзімасць (са 103 да 87) і непаўналетнімі ці пры іх саўдзеле (з 12 да 8).

Разам з тым, з 5 да 6 павялічылася колькасць фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў грамадзянамі. А скарачэнне наўмысных забойстваў з 4 да 3 мы разглядаем з улікам таго, што судом адзін з такіх фактаў быў перакваліфікаваны ў прычыненне смерці па неасцярожнасці. Таму пра станоўчую дынаміку ў гэтым пытанні гаварыць рана, і прафілактыка злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, як заўсёды, актуальная.

Асноўнымі прычынамі ўчынення наўмысных забойстваў і цяжкіх цялесных пашко-джанняў па-ранейшаму з’яўляюцца злоўжыванне спіртнымі напіткамі і ўзнікаючыя на гэтай глебе сваркі, а сярод умоў – недастатковасць прымаемых мер па ранняй прафілактыцы асоб, якія павінны пастаянна знаходзіцца пад кантролем РАУС і іншых суб’-ектаў прафілактыкі. Распаўсюджаны выпадкі, калі схільныя да ўчынення злачынстваў грамадзяне своечасова не выяўляюцца, на прафілактычны ўлік не ставяцца, прафілактычная работа з імі не праводзіцца. Хроніка крывавых злачынстваў гэта              пацвярджае.

…24 красавіка мінулага года жыхар вёскі Сваятычы Часлаў Руцкі ў стане алкагольнага ап’янення ў сваім доме збіў састарэлую маці, якая ад цяжкіх цялесных па- шкоджанняў памерла. З матэрыялаў крымінальнай справы бачна, што гэты чалавек сістэматычна злоўжываў спіртным, учыняў сваркі з маці.

…17 чэрвеня адбылася яшчэ адна трагедыя – у Тухавічах, дзе мясцовы жыхар Антон Філіповіч таксама ў стане алкагольнага ап’янення ў сваім гаражы пасварыўся з В. Палуянам, які адмовіўся даць грошы на спіртное для “прадаўжэння банкету”. Гаспадар абліў госця бензінам і падпаліў. Ад атрыманых апёкаў пацярпеўшы памёр. І хаця Філіповіч, які злоўжываў  спіртным, пастаянна знаходзіўся ў полі зроку праваахоўных органаў, але належных мер да праходжання ім прымусовага лячэння ад алкагалізму супрацоўнікі РАУС не прымалі.

…У вёсцы Туркі стаў забойцам уласнага бацькі Васіль Карпік, які быў зарэгістраваны ў вёсцы Узногі Баранавіцкага раёна, аднак у бацькоўскім доме бываў часта і неаднаразова ўчыняў злачынствы менавіта на Ляхавіччыне.

Усе наўмысныя забойствы былі ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення асобамі, якія сістэматычна ўжывалі спіртное, не працавалі, раней былі судзімымі ці прыцягва-ліся да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці. Аднак, старшыні мясцовых сельвыканкамаў як каардынатары дзейнасці па прафілактыцы злачынстваў на тэрыторыі сельскага Савета, участковыя інспектары міліцыі не прааналізавалі прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, гэтыя пытанні на пасяджэнні сельвыканкамаў для выпрацоўкі комплексу прафілактычных мер не выносіліся.

Пракуратурай раёна па выніках праверкі выканання заканадаўства аб прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у адрас старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама  ўнесена прадстаўленне.

Мае патрэбу і актывізацыя работы наймальнікаў па прафілактыцы правапарушэнняў у працоўных калектывах: практычна палова наўмысных нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў учынена працуючымі асобамі.

Яўгеній Зянько да ўчынення злачынства працаваў трактарыстам СВК “Шлях новы”. 10 лютага мінулага года падчас сваркі з аднавяскоўцам ён выхапіў нож і накінуўся на яго. Ахвяра – малады чалавек 1988 года нараджэння – не прыходзячы ў прытомнасць памёр у бальніцы ад ранення.

Па адрасе гэтай трагедыі – у вёсцы Навасёлкі – па ініцыятыве пракуратуры раёна быў праведзены сельскі сход з мясцовымі жыхарамі, працоўным калектывам СВК з запрашэннем асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку і якія абавязаны аднаўляць расходы на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей.

А вось калі Валерый Корзун, які працаваў вальшчыкам лесу ў лясгасе, у стане алкагольнага ап’янення збіў жанчыну і прычыніў ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні, кіраўніцтва ДЛГУ ніякіх мерапрыемстваў выхаваўчага характару не ініцыіравала.

Асобны напрамак дзейнасці пракуратуры сумесна з Баранавіцкай міжраённай інспекцыяй працы і іншымі органамі дзяржаўнага нагляду – работа па забеспячэнні аховы працы і папярэджанні выпадкаў вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна. Практычнай метадычнай дапамогай кіраўнікам і службовым асобам была работа мабільнай групы ў сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацыях, на прадпрыемствах. У скла-дзе групы працаваў і супрацоўнік пракуратуры раёна. У сувязі з тым, што адной з прычын вытворчага траўматызму ў шэрагу выпадкаў з’яўляецца знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, пракуратура ініцыіравала ўключэнне ў склад мабільнай групы супрацоўніка міліцыі для правядзення ім медыцынскага кантролю будаўнікоў з дапамогай алкатэстара. Па выніках абследаванняў пракуратура вынесла 5 прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства (ПМК-17, ПМК-13). Накіравана пастанова на падрыхтоўку справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 9.17 (парушэнне правіл па ахове працы) Кодэкса аб адмі-ністрацыйных правапарушэннях для разгляду ў Івацэвіцкую ПМК-18 у адносінах майстра, на якога накладзены штраф у памеры 10 БВ.

Вынікам праводзімай работы з’явілася нязначнае зніжэнне ў раёне вытворчага траўматызму – з 12 да 11 выпадкаў і з 6 да 4 – выпадкаў атрымання цяжкіх траўм. На жаль, летась меў месца адзін смяротны ня-шчасны выпадак на вытворчасці – у СПМК-18.

Аналіз прычын вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна паказвае, што больш за 90 працэнтаў выпадкаў абумоўлена чалавечым фактарам, прычынамі арганізацыйнага і асобаснага характару: адсутнасць належна арганізаванай сістэмы кантролю наймальніка за якасцю правя-дзення інструктажу па ахове працы, за выкананнем працаўнікамі сваіх абавязкаў, допуск да выканання работ без праверкі ведаў па ахове працы. Менавіта гэта стала прычынай вытворчага траўматызму ў СВК “Канюхі”, ПМК-13, СПМК-18, на заво-дзе “Металапластмас” і льнозаводзе.

А няшчасны выпадак са смяротным зыходам на вытворчасці ў СПМК-18 яшчэ раз даказаў, што кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў трэба максімальна адказна ставіцца да забеспячэння дысцыпліны ў калектывах. Паспрыяе парадку і  выбарачны  медыцынскі кантроль у пачатку і ў канцы рабочага дня. Ні ў якім разе нельга  дапускаць да работы супрацоўніка, у якога выяўлены стан алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення, а таксама стан, звязаны з за-хворваннем, які перашкаджае выкананню работы.

Сур’ёзнай праблемай  застаюцца самагубствы. Іх колькасць з 2008 года павялічылася ў раёне ўтрая. Летась зарэгістраваны 21 такі выпадак. Сярод тых, хто звёў рахункі з жыццём, шмат людзей працаздольнага ўзросту. 81 працэнт самагубцаў знаходзі-ліся пры гэтым у стане алкагольнага ап’янення, што сведчыць пра сур’ёзныя ўпушчэнні ў прафілактыцы алкагалізму з боку зацікаўленых органаў. Акрамя злоўжывання спіртным, прычынамі самагубства сталі праблемы ў сямейным жыцці, міжасобасныя адносіны. Установам аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, сельскім выканаўчым і распарадчым органам неабходна больш увагі ўдзяляць індывідуальнай рабоце з адпаведнай катэгорыяй грамадзян (членамі неўладкаваных сем’яў, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, адзінокімі і састарэлымі, тымі, хто пакутуе цяжкімі захворваннямі), распрацоўваць і ажыццяўляць мерапрыемствы, накіраваныя на аказанне якаснай псіхіятрычнай і псіхалагічнай дапамогі насельніцтву.

І яшчэ адна трывожная акалічнасць: у раёне ўдвая вырасла колькасць тапельцаў. З шасці такіх выпадкаў тры адбыліся з людзьмі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і купаліся ў  недазволеных для гэтага месцах. Асабістая неасцярожнасць, знаходжанне дзяцей ля вадаёмаў без нагляду дарослых, саманадзейнасць, выбар неабсталяванага для купання месца адпачынку ля вады вядуць да бяды.

Адзначу, што ў зоне дзеяння выратавальных станцый і пастоў трагедый у вадаёмах не было. Разам з тым, большасць вадаёмаў раёна, берагі якіх служаць месцам масавага адпачынку, не адпавядаюць патрабаванням бяспекі: не ачышчана дно, няма адзнак аб дапушчальнай мяжы заплыву і небяспечных месцах, адсутнічаюць выратавальныя сродкі, навесы, інфармацыйныя стэнды.

На парадку дня застаюцца прафілактыка няшчасных выпадкаў, сур’ёзная тлумачальная работа. Жыццё – галоўная каштоўнасць. З гэтага трэба зыходзіць усім і кожнаму.

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ,
пракурор раёна, саветнік юстыцыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *