Надзейная тэхналогія Вітко

Як у самыя лепшыя часы – па-святочнаму апранутыя, з прыўзнятым настроем – ішлі людзі ў Русінавіцкі сельскі Домкультуры. Тут у прасторнай прыгожай зале ладзілася свята, асноўным фрагментам якога была справа-здача старшыні СВК “Ляхавіцкі” Аляксандра Вітко аб рабоце калектыву за мінулы год. Цэлая гара грамат і канвертаў з прэміяльнымі былі вартай дэкарацыяй да сходу.

Таму і заахвочванні, таму і свята, што сельгаскааператыў па ўсіх вытворчых паказчыках – лепшы з лепшых у раёне. Вось толькі некалькі дасягненняў: першынство ў раёне па вытворчасці валавой прадукцыі на 1 бала-гектар –180,1 тысячы рублёў, атрымана зерня 140,9 кілаграма, выручка склала 226,9 тысячы рублёў, прыбытак з 1-го бала-гектара –77,4 тысячы рублёў; сярэдні надой на 1 карову – 7094 кілаграмы малака, гатункам экстра і вышэйшым яго прададзена 99,7 працэнта. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 759 грамаў…

З якога боку ні падыдзеш, якую сферу вытворчасці ні закранеш, сельгаспрадпрыемства лідзіруе сярод гаспадарак раёна па ўсіх паказчыках.

Аднак, старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко павёў размову са сваімі працаўнікамі па-дзелавому, канкрэтна і зразумела для кожнага. Несумненна, ёсць чаму радавацца, ёсць чым ганарыцца: гаспадарка, якая займае ў раёне 6 працэнтаў сельгасугоддзяў, дае 11 працэнтаў ад усёй сельгаспрадукцыі раёна. Замацаваць пазіцыі, каб упэўнена рухацца наперад, а для гэтага актыўна ўкараняць у вытворчасць перадавыя тэхналогіі з высокім эканамічным эфектам – далейшыя арыенціры, пра якія гаварыў старшыня.

Хоць і тут  гаспадарка лічыцца самай прагрэсіўнай: новая МТФ, якая забяспечана сучасным абсталяваннем, працуе вынікова. Ад кожнай каровы тут надаілі па 7652 кілаграмы малака. А сёлета плануецца рэканструяваць яшчэ Рачканскую МТФ, прычым у хо-дзе рэканструкцыі будзе праведзена і мадэрнізацыя ўсяго абсталявання. Малочная галіна, як, дарэчы, і ўвогуле жывёлагадоўчая, нарошчвае магутнасць, а, значыць, і прыбытак. Сярэдняя вага кожнай прададзенай жывёлы склала 513 кілаграмаў, а мяса прададзена 590 тон.

Узяты гаспадаркай курс на ўкараненне новых тэхналогій прасочваецца літаральна ва ўсіх напрамках. У механізацыі і раслінаводчай галіне гэта набыццё новай сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі. Летась толькі ўласных грошай патрацілі  1 мільярд 130 мільёнаў рублёў, яшчэ на 1,5 мільярда рублёў закуплена тэхнікі па лізінгу. А гэта і ёсць культура земляробства, эфектыўнасць, якасць, а ў канчатковым выніку – ўраджайнасць. Летась сабрана з кожнага гектара зерневых (у бункернай вазе) па 44,6 цэнтнера, былі ўчасткі, якія далі і па 51 цэнтнеру з гектара, урадзілі кукуруза, рапс.

Асобая культура тут – бульба, якой накапалі 6,5 тысячы тон – на 3 тысячы тон больш, як у годзе папярэднім. Насенныя ўчасткі, дзе выкарыстаны галандскія сарты і прыменены новыя тэхналогіі апрацоўкі, аховы і догляду культуры, далі ўраджайнасць па 600 цэнтнераў клубняў з гектара, а сярэдняя ўраджайнасць склала 323 цэнтнеры на круг. Дзякуючы таму, што будаўнікі пастараліся і своечасова здалі ў эксплуатацыю бульбасховішча, яшчэ і вясной сельгаскааператыў зможа рэалізаваць 2 тысячы тон адборных клубняў. Дарэчы, восенню гаспадарка выручыла за бульбу 2 мільярды 700 мільёнаў рублёў.

Выдатная тэхнічная аснашчанасць гаспадаркі – гэта багатая кармавая база: 47 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы – выдатнае за- беспячэнне кармамі грамадскага статка. Клапоцяцца тут і пра жывёлу, якая ўтрымліваецца ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.

Што датычыць фінансавай стабільнасці гаспадаркі, то яна кожны год умацоўваецца. Летась выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 24 мільярды рублёў – у 2 разы больш, як у годзе папярэднім. Нават калі ўлічыць тую акалічнасць, што за гэты перыяд значна павысіліся цэны на прадукцыю, то і ў супастаўных выручка ўзрасла на 30 працэнтаў. Прыбытак склаў каля 8 мільярдаў рублёў, рэнтабельнасць – 56 працэнтаў.

Аляксандр Іванавіч сярод вы-творчых лічбаў і фактаў не забываў называць людзей – самаадданых працаўнікоў, выказваў ім шчырыя падзякі. Прагучалі дзясяткі прозвішчаў, пасля чаго кіраўнік гаспадаркі запэўніў, што кожны з 285 членаў СВК заслугоўвае падзякі за працу.

— Калі настроімся і сёлета працаваць так, як летась, – зазначыў старшыня, – то будзе і прадукцыя, і зарплата…

Між іншым, каб не дапусціць пралікаў, Аляксандр Вітко вынес на абмеркаванне сходу некаторыя вытворчыя пытанні. Напрыклад, паколькі застаецца нізкай цана на бульбу, ён прапанаваў сёлета на 40 гектараў менш адвесці плошчы пад гэтую культуру, а валавы збор трымаць на ўзроўні за кошт большай ураджайнасці. Тым больш, што вопыт у агранамічнай службы ёсць дастатковы.

— Паступіла прапанова рэарганізаваць гаспадарку, – звярнуўся Аляксандр Вітко да членаў СВК. – Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў можам перавесці ў адкрытае акцыянернае таварыства, вызначыць долю кожнага ў агульнай гаспадарцы і распарадзіцца ёю на свой  погляд…

Аднак нават пенсіянеры палічылі, што ад дабра дабра не шукаюць і прагаласавалі за сельгаскааператыў – надзейны спосаб гаспадарання, які прыносіць усім членам СВК і без таго добрыя дывідэнды.

Удзельнікі сходу доўга апла-дзіравалі Аляксандру Вітко пасля таго, як ён закончыў свой даклад. І гэта было не што іншае, як давер, удзячнасць і падтрымка старшыні за яго ўмелае кіраўніцтва калектывам, якое можна таксама назваць своеасаблівай і вельмі дзейснай тэхналогіяй, якая штогод прыносіць поспех.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *