Пераканаўчы аргумент

Спецыялісты па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шлях новы» Святлана Сцепаненка, ДП «Нача» Галіна Рамейка і намеснік дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Наталля Адаменка (злева направа).

З мэтай простага ўспрымання і разумення важнасці ідэалагічную работу, што праводзіцца на прадпрыемстве, у арганізацыі, рэгіёне і гэтак далей, нярэдка параўноўваюць з імуннай сістэмай жывога арганізма. Калі слабее імунітэт – жыццяздольнасць арганізма зніжаецца ў прагрэсіўнай прапарцыянальнасці, якім бы знешне магутным, прыгожым і моцным ён не выглядаў.

На трыццаці прадпрыемствах, у арганізацыях, установах раёна ўведзены пасады намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце. У ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» і ААТ «Шлях новы» спецыялісты гэтага профілю выконваюць свае абавязкі на аснове штатнага раскладу – з’яўляюцца так званымі вызваленымі работнікамі. На СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі», у РАНС і РАУС за ідэалогію адказваюць «сумяшчальнікі», для якіх адзначаны пласт работы з’яўляецца толькі часткай іх прафесійных абавязкаў. Астатнія працуюць на грамадскіх пачатках. Разам яны актыў, аснова ідэалагічных кадраў Ляхавіччыны. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўжо тры гады выступае ініцыятарам і правадніком раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэгіёна. Асноўнымі мэтамі данага конкурсу з’яўляецца ўдасканаленне работы з ідэалагічным актывам, садзейнічанне ўкараненню новых формаў і метадаў ідэйна-выхаваўчай работы, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне перадавога вопыту ідэалагічнай работы.
Пераможцамі агляду-конкурсу-2017 сталі працоўныя калектывы камунгаса, ДП «Нача» і аграрнага каледжа. Кожны ў адпаведнасці са сваёй конкурснай намінацыяй: вытворчая, сельскагаспадарчая, невытворчая. У якасці ўзнагароды пераможцы атрымалі граматы раённага выканаўчага камітэта, каштоўныя падарункі. А яшчэ – гонар прыняць у сябе ідэалагічны актыў раёна ў практычна поўным скла-дзе. Адбылося тое на мінулым тыдні ў рамках семінара-вучобы. Вучацца, набываюць новы вопыт раённыя ідэолагі рэгулярна-перыядычна. Урокі носяць розную форму, вызначаюцца дастаткова шырокай тэматыкай. Адметнасць апошняга семінара-вучобы заключалася ў яго выязным характары.
Семінар стартаваў ад гарадскога Дома культуры. З тым, каб праз пару-тройку соцень метраў зрабіць першы на маршруце прыпынак. У камунгасе ідэолагаў з прадпрыемстваў раёна чакалі наглядна-практычны ўрок і лекцыя. Найперш – што тычыцца афармлення стэндаў, «адмыслова-камунальных» асаблівасцяў работы з нагляднай агітацыяй. Адказны за ідэалагічны складнік работы камунгаса Яўгеній Сініла засяродзіў увагу на «бюджэтных» спосабах вырабу нагляднай агітацыі. Быў прадэманстраваны фільм, падрыхтаваны КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» з нагоды 70-годдзя прадпрыемства. Ручкі для пісьма з юбілейным лагатыпам, атрыманыя гасцямі ў якасці прэзента, – усё з той жа тэмы.
– Калі кіраўнік прадпрыемства ідзе насустрач – працаваць лёгка. І вынік не прымусіць сябе чакаць, – адрасна, але і, думаецца, не толькі, канстатавала падчас гутаркі з калегамі-ідэолагамі раёна адказная за гэты сегмент работы ў ДП «Нача» Галіна Рамейка. Паміж гаспадаркай і мясцовай школай наладжаны добрыя ўзаемаадносіны. У архівах прадпрыемства захоўваецца нямала прадметаў і матэрыялаў, у якіх адлюстроўваецца яго гістарычны, сацыяльны, працоўны шлях. Думаюць і спадзяюцца, што ўсё гэта і многае іншае «выкрыста-лізуецца» ў форме музея, атрымае працяг на старонках кнігі, якая рыхтуецца.
У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы гаварылі пра асаблівасці выхаваўчай, культурна-выхаваўчай, фізкультурна-спартыўнай работы з моладдзю. Вучнёўскай, якой бліжэйшая перспектыва адкрывае патэнцыяльна высокія магчымасці. Як спецыялістаў-аграрыяў, кіраўнікоў структур і падраздзяленняў сельскай, ды і не толькі, гаспадаркі. Прымеркаваныя да адметных дат, значных падзей у гісторыі краіны, вобласці, раёна, навучальнай установы патрыятычныя ці проста выхаваўчыя акцыі, экскурс-туры па знакавых месцах, фэсты мастацкай самадзейнасці, спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя летнікі – няпоўны пералік таго, што, па словах адказнай за ідэалагічны складнік работы каледжа Таццяны Траццяк, даўно стала і працягвае заставацца выхаваўчай практыкай іх альма-матэр.
А пачалося ўсё з наведвання музейных экспазіцый кале-джа. Завяршылася – уручэннем узнагарод прадпрыемствам і арганізацыям, якія выйшлі ў пераможцы і прызёры згаданага агляду-конкурсу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *