У творчым вымярэнні

У мінулую сераду рэдактары абласных, раённых і гарадскіх газет Брэстчыны працавалі ў Ляхавічах: на базе «ЛВ» праводзілася міжрэдакцыйная лятучка, арганізаваная галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА «Беларускі саюз журналістаў». На пачатку сустрэчы пра сённяшні дзень Ляхавіччыны, пра ўзаемадзеянне мясцовай улады і раённай газеты расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які гасцінна вітаў удзельнікаў міжрэдакцыйнай лятучкі на ляхавіцкай зямлі і пажадаў заўсёднай плённай працы і творчых здабыткаў.

Прапанаванае для абмеркавання пытанне датычыла актуальных тэм дня і аўтарскага майстэрства журналістаў у іх распрацоўцы, а таксама дзейснасці публікацый. Па сутнасці, гэта тыя складальнікі, якія робяць выданне цікавым для чытача  і, значыць, запа-трабаваным ім, адпаведна, — уплывовым на яго погляды, настрой, сімпатыі і антыпатыі, на фарміраванне грамадскай думкі. Ці варта напамінаць пра заўсёднасць аб’ектыўнасці, кампетэнтнасці, перакананасці — канстанту журналісцкай працы, і пра творчую лабараторыю, і пра тое, што ўсе жанры добрыя, акрамя сумных.

Менавіта на гэта  звярнуў увагу падчас пасяджэння  «за круглым сталом» першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы абласнога выканаўчага камітэта Ігар Гетман, які засяродзіў увагу на інфармацыйна-ідэалагічнай напоўненасці публікацый, тыражнасці газет, прафесіяналізме журналістаў.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз журналістаў» Георгій Тамашэвіч гаварыў пра рост радоў нашага творчага саюза, пра здабыткі і праблемы рэдакцый, назваў лепшыя праекты, якія ажыццяўляюцца на газетных старонках, заклікаў  у Год кнігі завяршыць работу над выданнем, прысвечаным гісторыі журналістыкі Брэстчыны, высока ацаніў  «Літаратурную карту Берасцейшчыны». Цікавыя прапановы, зразумела ж, падтрымалі ўсе ўдзельнікі лятучкі. Так многа хочацца сказаць і быць пачутымі. Наша справа — слова, наша слова — справа.

Адказны сакратар ГА “Беларускі саюз журналістаў” Сяргей Сверкуноў падкрэсліў, што новымі “саюзнікамі” сёння становіцца моладзь, і што молада – не зелена. Гэта даказваюць вынікі творчых конкурсаў, пераможцамі якіх разам з вопытнымі журналістамі і тыя, чыя біяграфія як газетчыкаў толькі пачынаецца. Сяргей Дзмітрыевіч праінфармаваў пра навіны творчага саюза, пра прэс-туры, якія плануюцца на бліжэйшы час. І, канешне, падкрэсліў адказнасць журналістаў перад грамадствам, перад чытачамі.

Размова за “круглым сталом” была надзвычай шчырай, зацікаўленай. Кандыдаты філалагічных навук, дацэнты кафедры беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БрДУ імя Пушкіна Валянцін Смаль і Міхаіл Яніцкі  расказалі пра  студэнтаў універсітэта, якія ўпершыню ў гісторыі ўстановы атрымліваюць тут спецыяльнасць “журналістыка”, пра іх творчае сталенне і ўмовы, у якіх гэта адбываецца. Месцам вучэбнай практыкі нашых будучых калег становяцца, у тым ліку, і раённыя газеты. Валянцін Мікалаевіч і Міхаіл Іванавіч выказалі ўпэўненасць, што супрацоўніцтва БрДУ і рэдакцый у гэтым накірунку будзе развівацца і мацнець. А інакш і быць не можа – гэта наша агульная справа і адказнасць.

Пра актуальныя тэмы  публікацый і іх дзей-снасць, сакрэты творчых аўтарскіх лабараторый гаварылі рэдактары столінскай раённай газеты “Навіны Палесся” Алена Клімушка, баранавіцкай аб’яднанай газеты “Наш край” Міхаіл Шубіч, ляхавіцкай раёнкі. Размова выходзіла за рамкі акрэсленай тэмы, бо ўсё, што датычыцца работы рэдакцый, важнае і актуальнае.

Журналісты  перад пачаткам пасяджэння за “круглым сталом” атрымалі добрыя эмоцыі ад знаёмства з нашымі Ляхавічамі. У цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылася прэзентацыя ўстановы. Таленавітыя выхаванцы, выдатныя педагогі, цудоўныя ўмовы для развіцця здольнасцей! Сваё захапленне ўбачаным выказаў запісам у кнізе водгукаў адказны сакратар БСЖ Сяргей Сверкуноў. Гэтак жа ацаніла  творчасчць юных талентаў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Людміла Бядуля.

Ну, а наведванне СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, экскурсія па найсучаснейшаму прадпрыемству, цікавы і грунтоўны расказ дырэктара Вячаслава Жукоўскага пра вы-творчасць, мадэрнізацыю, работу над якасцю і асартыментам выпускаемай прадукцыі, умовы, створаныя для працаўнікоў, геаграфію паставак і многае-многае іншае стала     для калег-журналістаў з іншых раёнаў Брэстчыны, магчыма, адкрыццём. Невялікія Ляхавічы – і такое дасканалае прадпрыемства! Дарэчы, пра прадукцыю з брэндам “Ляхавічок”, як высветлілася, многія ведаюць не па чутках – з’яўляюцца яе прыхільнікамі і ў Брэсце, і ў Пінску, і ў Баранавічах.

Канешне, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў лятучкі апынулася і рэдакцыя мясцовай газеты. Калегі не абмінулі нашы кабінеты, пазнаёміліся з гісторыяй выдання, з цікавасцю пагарталі падшыўкі “Совецкага патрыёта”, “Будаўніка камунізма” і сённяшняга “Ляхавіцкага весніка”. Неаднойчы чулася пра творчы падыход. І гэта прыемная акалічнасць датычыла як рэдакцыі, так і раённай культуры, са здабыткамі якой мелі          магчымасць пазнаёміцца ўдзельнікі лятучкі. Ва ўсякім разе, ім даспадобы прыйшлася выстава заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай дзіцячай мастацкай студыі “Апалон”, знаёмства з творчасцю Навасёлкаўскай “Вечарніцы”, народнай эстраднай студыі “Экспрэс” і народнай эстраднай групы “Пачатак”. Як жа прыемна, калі твая маленькая радзіма выклікае ў гасцей захапленне і жаданне вярнуцца сюды яшчэ! Гасцінна за-прашаем, дарагія калегі, зноў да нас.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *