Аграрны стыль «Ляхавіцкага»

Старшыня гаспадаркі Іван Вітко (справа) і галоўны інжынер Андрэй Новік правяраюць падрыхтоўку тэхнікі да жніва.

Звычайная чэрвеньская раніца. Палова пятай гадзіны. На Русінавіцкім малочнатаварным комплексе СВК «Ляхавіцкі»  аператары машыннага даення рыхтуюць сваіх падапечных  да дойкі – гігіенічныя працэдуры абавязковы складнік.

На шляху  вялікага малака

Побач з рагуліным інтэрнатам – «яслі-сад»: з індыві-дуальных белых домікаў выходзяць цяляткі, цярпліва чакаюць сваёй чаргі, калі іх напояць-накормяць. Статак гаспадаркі налічвае 3560 жывёл, з іх 957 –дойныя каровы. Кожная ў сярэднім дае ў дзень 25,4 кілаграма малака (плюс кілаграм да аналагічнага леташняга перыяду). За мінулы год рэнтабельнасць вытворчасці малака ў СВК склала 28 працэнтаў, сёлета чакаецца яшчэ большая. Менавіта на гэтым комплексе ўтрымліваецца цяпер ужо «віцэ-місіс» «Белагра» – карова Лазурка, якую амаль штодня праведвае даглядчык Генадзій Горбач. Гэта ён разам з начальнікам комплексу Мікалаем Азімкам апякаў канкурсантку, даглядаў і лячыў, калі тая за некалькі дзён да выхаду на подыум паранілася.
Дойка, кармленне – і вахту пераймаюць пастухі. 72-гадовы Уладзімір Жэрка – адзін з іх. Ён кожную раніцу на веласіпедзе спяшаецца з райцэнтра ў Мыслабаж, каб перасесці на каня і ўважліва сачыць за статкам на сакавітай пашы.
– Рух для жывёлы, як і сонечныя ванны, неабходны, умацоўвае здароўе, таму пашавы перыяд – надзвычай важны, – тлумачыць намеснік старшыні «Ляхавіцкага» Уладзімір Ксёнжык.
Пра маладое рагуліна папаўненне клапоцяцца даглядчыкі. Вопытны аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Аляксандр Толкач – адзін з іх.
Для абслугоўвання ўласных патрэб у «Ляхавіцкім» ёсць два млыны. На Русінавіцкім гаспадарыць Аляксандр Сельмановіч. Ён дакладна ведае рэцэптуру прыгатавання кармоў. Гарох, ячмень, кукуруза, трыцікале здрабняюцца да стану мукі, да іх у пэўных прапорцыях дабаўляюцца ёдаваная соль, кармавы мел і прэміксы – атрымліваецца карысны абед для кароў.
Не спыняюцца работы ў сталоўцы для жывёлы. У меню кармавая сумесь. Кукурузны (мінулагодняга ўраджаю) сілас змешваецца з камбікормам і сёлетнім сенажом з люцэрны. Прычым для розных груп жывёлы –асобны рацыён. Вадзіцелі пагрузчыкаў Міхаіл Жарскі і Віктар Касмовіч сваю справу ведаюць дасканала: што, колькі і як змяшаць.
Першы касавічны экзамен «Ляхавіцкі» вытрымаў. Старшыня СВК Іван Вітко ў цэлым вынікам задаволены: якасць травы – добрая. У гаспадарцы клапоцяцца пра травастой, штогод право-дзяцца перазалужэнне, падкормка, належны догляд за пасевамі.
Кіраўнік гаспадаркі ўпэўнены, што менавіта першы ўкос – пачатак на шляху да вялікага малака. Тым не менш, Іван Вітко адзначае: своечасовая падкормка, спрыяльныя ўмовы надвор’я – і можна будзе разлічваць на павелічэнне кармавой базы з другога ўкосу. З улікам другога ўкосу і кукурузы сельгаспрадпрыемства і сёлета будзе мець паўтарагадавы запас кармоў. У гаспадарцы не ўпускаюць магчымасць закласці ў траншэю лішнюю тону зялёнай масы. Хутка да васьмі траншэй у Русінавічах і трох у Рачканах дабавіцца яшчэ дзве, пачалося іх будаўніцтва.

Будпляцоўка – вытворчыя  майстэрні

У гаспадарцы ёсць свая будаўнічая брыгада, якую ўзначальвае Уладзімір Папко. Для 22 тутэйшых будаўнікоў працоўны сезон у самым разгары. У сярэдзіне мая пачалі ўзвядзенне новага цялятніка на 240 галоў на МТФ «Русінавічы», здача якога запланавана на восень. На чарзе навес-арачнік для захоўвання зерня.
7.30 раніцы. Спецыялісты СВК сабраліся на мехдвары на традыцыйную планёрку.
– Канешне, тэхніку неабходна абнаўляць. Больш за 10 гадоў, і яна свой рэсурс выпрацоўвае. Каб пасяўная, корманарыхтоўкі, жніво прайшлі якасна, адпаведны павінен быць і машынна-трактарны парк. Пачалі з малога: сёлета за ўласныя сродкі купілі трактар, які апрабавалі на ворыве, – расказвае Іван Вітко.
Графік рамонту тэхнікі пад пільным кантролем галоўнага інжынера Андрэя Новіка. Неабходныя запчасткі для камбайнаў даўно набыты. Механізатар Генадзій Граб-люк праводзіць апошнія наладкі свайго «ДжонДзіра». Трактарыст з 22-гадовым стажам Леанід Пішч таксама рамантуе «ДжонДзір», толькі не камбайн, а трактар.
– У нас няма неабходнасці адпраўляць тэхніку ў спецыялізаваныя аграсэрвісныя арганізацыі. Нашы механізатары з паломкамі і непаладкамі разбіраюцца не горш. Дэталі бяром у правераных пастаўшчыкоў, – гаворыць Андрэй Новік.
Восем збожжаўборачных камбайнаў да жніва, лічы, гатовы. І настрой у тутэйшых аграрыяў на гэту адказнейшую кампанію рашучы. На жаль, з сярэдзіны красавіка амаль не было дажджоў, што для нізкабальнай тутэйшай глебы стала бядой.
Чарговы раз уважліва аглядае ячменнае поле каля Мыслабажы намеснік старшыні СВК Аляксандр Вітко:
– Калі б не засуха, то ўзялі б тут за 70 цэнтнераў з гектара, цяпер, канешне, столькі не збяром…
У «Ляхавіцкім» умеюць зарабляць і лічыць грошы. У мінулым годзе на кожнай адзінцы вялікагрузнай тэхнікі ўстанавілі навігацыйную сістэму відэаназірання. Па камп’ютары можна адсачыць, дзе знаходзіцца, напрыклад, трактар, колькі паліва ён зрасходаваў, атрымаць іншую неабходную інфармацыю. У вытворчых памяшканнях устаноўлена сістэма відэаназірання.
Тут у пашане прынцып: зарплату трэба зарабіць. Дарэчы, у «Ляхавіцкім» адна з лепшых сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна сярэдняя зарплата –больш за 800 рублёў у месяц.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко.

 

У абавязкі аператара машыннага  даення Валянціны Чарняк уваходзіць і догляд за цялятамі.

Клапоцяцца пра рагуль даглядчыкі Генадзій Горбач і Аляксандр Толкач

Млынар Аляксандр Сельмановіч.

Загадчыца фермы Алена Кучук і даглядчык жывёлы Уладзімір Жэрка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *