Жыццёвая траекторыя фізіка Касабуцкага. Настаўнік з Ляхавіцкага раёна стаў пераможцай рэспубліканскага конкурсу

Тое, што хуткасць успрымання інфармацыі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад хуткасці чытання, для педагогаў аксіёма. Таму яны і эксперыментуюць, распрацоўваюць аўтарскія методыкі, каб павялічыць гэтыя паказчыкі і палепшыць навыкі вучняў. У гэтай тэме даўно і плённа настаўнік Малагарадзішчанскай СШ Аляксандр Касабуцкі. На яго сайце chtenie.net размешчаны праграмы, якія дазваляюць павысіць хуткасць чытання. Праект Аляксандра Мікалаевіча «Электронны сродак навучання «Трэніроўка хуткасці чытання» на XIII рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» адзначаны дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі.

І гэта пры тым, што да сталічнага этапу даходзяць толькі самыя-самыя, а ўвогуле свае  інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе прадставілі больш за паўтысячы чалавек.
Праграмы настаўніка-даследчыка (за іх аснову ўзята навукова правераная методыка развіцця хуткасці чытання, распрацаваная ўкраінскімі псіхолагамі) паказалі сваю выніковасць падчас тэсціравання на пачаткоўцах. Каб дабіцца стабільнага выніку, займацца трэба штодзень па 15-20 мінут.
Касабуцкі зноў у пошуку: як па поўнай выкарыстаць 45 мінут урока для выхавання школьнікаў. Каб не навязліва, але ў «яблычак» траплялі стрэлы добрага і светлага.
– Нават пры вывучэнні сур’ёзных і складаных тэм, на матэматыцы і фізіцы, фізкультуры і іншых уроках абавязковы акцэнт на выха-ваўчых момантах, – дзеліцца сваімі думкамі педагог і дадае, што вельмі важна як мага раней заўважыць здольнасці дзіцяці і імкнуцца іх раскрыць.
Касабуцкі-псіхолаг (да мінулага навучальнага года займаў у школе пасаду педагога-псіхолага) мае ў гэтым вялікі вопыт: праводзіў развіваючыя гульні, якія дапамагалі распаз-наць здольнасці і схільнасці рабят.
А Касабуцкі-інфарматык знаёміць рабят з камп’ютарам, вучыць школьнікаў праграмаванню. Дзевяць гадоў назад яго вучань Аляксандр Карпо-віч атрымаў «бронзу» на рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы. А колькі пераможных месцаў было ў яго падапечных на абласным узроўні!
На працягу гэтага навучальнага года Аляксандр Мікалаевіч практыкаваў дыстанцыйнае навучанне – вёў факультатыў па інфарматыцы для школьнікаў раёна.
Нераўнадушны, апантаны сваёй педагагічнай справай, Касабуцкі не ўяўляе сябе без школы. І заўсёды шчыра радуецца чаканым і хвалюючым сустрэчам з выпускнікамі. Дарэчы, настаўнік інфарматыкі паўплываў на прафесійны шлях многіх з іх.
Аповед пра педагога быў бы няпоўным, калі не сказаць, што па асноўнай адукацыі Касабуцкі фізік – больш за тры дзесяцігоддзі назад скончыў БДУ і быў размеркаваны ў Акадэмію навук. Але жыццё ўнесла свае карэктывы, і малодшы навуковы супрацоўнік выбраў месцам працы родную школу. І, адзначае: калі б была магчымасць змяніць траекторыю свайго жыцця, нічога не мяняў бы.

Галіна КАРПОВІЧ, мама вучня:
– Сустрэча майго сына з Аляксандрам Мікалаевічам была лёсавызначальнай. Шанц такі, пэўна, выпадае аднойчы. Аляксандр Мікалаевіч не шкадаваў уласнага часу і займаўся з Сашам. І ён з такім азартам выконваў заданні! А як яны радаваліся паездкам на розныя конкурсы і алімпіяды, за падрыхтоўкай да якіх сядзелі ледзве не да ночы. Вельмі ўдзячна настаўніку, што столькі зрабіў для майго сына, уклаў у яго і веды, і душу. Саша спраўдзіў сваю мару – скончыў БДУІР, зараз працуе начальнікам аддзела на Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *