Прызнання шчырыя радкі…


Эпілог да кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён», выдадзенай у 1989 годзе, – шчымлівыя радкі пісьменніка Алеся Бадака пра малую радзіму і землякоў-ляхавічан, якія чуеш і прымаеш сэрцам. Іх заўсёды хочацца прыгадваць: і калі любуешся на мясцовыя пейзажы, і калі сустракаеш добрых знаёмцаў і зусім незнаёмых людзей, і калі райцэнтр, як зараз, урачыста прымярае святочнае ўбранне. І, канешне, калі ўсе мы рыхтуемся да чарговага Дня беларускага пісьменства.

«Разумею: на свеце гэтулькі дарог, а чалавечае жыццё кароткае – паўсюль не патрапіш, усё не перагледзіш. Хоць недзе ў глыбіні душы часам і заварушыцца пачуццё… не, не віны, а шкадавання, што надта мала вандраваў па сваёй Радзіме, што ведаеш пра гісторыю і сучаснаць больш па газетах ды па кніжках.
Разумею, усё разумею: жыццё наша спешнае – праляціць і не паспееш азірнуцца, задумацца, разабрацца…
Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі. Бо шчод-расць і працавітасць на гэтай зямлі перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.
І так, напэўна, было заўсёды.
І вельмі хочацца верыць, што так будзе і надалей, пакуль не перавядзецца апошні род маіх гасцінных і шчырых землякоў.
Ты палюбіў бы іх. Палюбіў бы маленькую вясёлую рачулку Ведзьму і надоўга захаваў бы ў душы непаўторнасць сур’ёзнае, таямнічае Шчары.
Разумею: на свеце гэтулькі дарог, а чалавечае жыццё зусім кароткае – паўсюль не патрапіш, усё не перагледзіш…
І ўсё ж мне вельмі шкада, калі ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго, дарагі чытач…».
Алесь Бадак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *