Бадзяжныя і кусачыя

У райвыканкам і сельвыканкамы паступаюць шматлікія скаргі грамадзян на наяўнасць безнаглядных бадзяжных сабак на тэрыторыі горада і вёсак.
У адпаведнасці з зацверджанымі Саўмінам Правіламі ўтрымання дамашніх сабак, кошак, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь безнаглядныя каты і сабакі ў населеных пунктах (у тым ліку з ашыйнікам, жэтонамі і ў намордніках) падлягаюць адлову. У выключных выпадках па рашэнні мясцовых улад дапускаецца адстрэл безнаглядных жывёл.
Безнагляднымі лічацца жывёлы, якія не маюць уладальніка, чый гаспадар невядомы або адмовіўся ад права ўладання на іх.
Літаральна за два месяцы ў камунгас паступіла 11 паведамленняў пра нападзенне сабак на прахожых у райцэнтры. А на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета быў устаноўлены факт захворвання дамашняга сабакі шаленствам.
Улічваючы такую сітуацыю, для папярэджання пакусаў людзей, заражэння людзей і жывёл шаленствам і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі райвыканкам прыняў рашэнне аб адстрэле безнаглядных жывёл на тэрыторыі Ляхавіч і Жарабковіцкага сельсавета. Займацца гэтым будзе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па графіках, узгодненых з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Адстрэл праводзіцца з 2 ліпеня па 2 жніўня ў будныя дні ў перыяд мінімальнай прысутнасці насельніцтва з папярэднім інфармаваннем.
Уладальнікі сабак, кошак абавязаны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы і правілы іх утрымання, забяспечваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў, выводзіць у выпадку неабходнасці сабак з кватэр ці іншых ізаляваных памяшканняў, а таксама з дваровай тэрыторыі на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанят ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у холцы.
За парушэнне правіл утрымання дамашніх і адлову безнаглядных жывёл прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У 2016 годзе за гэта прыцягнуты да адказнасці 8 грамадзян, летась – 10, сёлета з пачатку года – ужо 10.
Дзіна ДУБРОЎКА,
начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *