Салон для кучаравых. Напрыканцы чэрвеня-пачатку ліпеня на авечкаферме «Канюхі» ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна адкрываецца… цырульня для жывёлы

Сёлета першыя кучаравыя «кліенты» трапілі ў рукі майстроў-прафесіяналаў 4 ліпеня. Сезон змены знешняга выгляду тутэйшага руннага пагалоўя доўжыцца звычайна каля трох тыдняў.
– Амаль чатыры тысячы авечак, бараноў, ягнят парод шэрсна-мясной асканійскай, мясашэрсных мерыналандшаф і прэкас (яе «прадстаўнікі» складаюць каля 70 працэнтаў атары) – такое пагалоўе маем па стане на 1 ліпеня. 2700 жывёл сёлета атрымаюць салонныя працэдуры, для іх надзвычай неабходныя. Калі не паклапаціцца пра своечасовую стрыжку, то натуральнае футра дрэнна паўплывае на стан авечак: сапсуецца апетыт, а гэта недабор у вазе, яны стануць менш актыўнымі, – расказвае загадчык фермы Рыгор Зубік.

Загадчык фермы Рыгор Зубік і сартавальніца Марыя Русакевіч якасцю воўны задаволены.

Чаму выбіраецца менавіта гэты адрэзак лета? Неабходна, каб шэрсць да пахаладання паспела адрасці – жывёле павінна быць цёпла.
Назіраю за тым, як ствараецца новы авечы вобраз. Першы майстар, да якога трапляе кучаравы «кліент», – ветэрынарны фельчар Наталля Кукета. Яна спраўна робіць «манікюр-педыкюр» – абразае капыты, апрацоўвае іх антысептычнымі прэпаратамі. Працэдура абавязковая і патрабуе майстэрства, уважлівасці, стараннасці і дакладнасці. З гэтым у Наталлі Кукеты поўны парадак.
Потым, калі ласка, на крэсла, дакладней, на лаву да стрыгальшчыкаў. І хоць мадэль стрыжкі аднолькавая для ўсяго пагалоўя (на мове людзей яна называецца «пад ноль»), але надзвычай няпроста так падстрыгчы барана. Справу гэту Аляксандр Калюбка і Аляксандр Гаўрыкаў ведаюць добра. У іх індывідуальны падыход да кожнага «кліента». Калі больш сталыя авечкі паводзяць сябе на салонных працэдурах спакойна, то сярод іх малодшых сваякоў, якім крыху больш за год ад роду, сустракаюцца надзвычай свавольныя, хто не надта жадае развітвацца са сваім шарсцяным «прыкідам». Як адзначаюць стрыгальшчыкі, з такімі даводзіцца даволі нялёгка. Без дапамогі фіксатараў Дзмітрыя Сярмяжкі і Уладзіміра Каляды не справіцца. Яны трымаюць жывёлу.
Кожны кілаграм атрыманай воўны – на рахунку. Чабан Марыя Русакевіч на гэты час перакваліфікуецца ў сартавальніцу, а за якасцю сочыць Рыгор Зубік.Узважваецца, далей на спецыяльным стале сартуецца, суцэльнае прэс афармляе ў 100-150-кілаграмовыя цюкі. Далей шлях жарабковіцкага руна ляжыць на Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку.
Летась з атары настрыглі каля дзевяці тон воўны. Сёлетнія планы – не менш. Гэта што датычыцца колькасці. А якасць па-ранейшаму вышэйшага класа. Дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты не хавае аптымізму наконт далейшага развіцця эксклюзіўнай для Брэстчыны жывёлагадоўчай галіны – авечкагадоўлі. Павялічваецца попыт на гэту жывёлу. З пачатку года прадалі 286 авечак (плюс 242 да аналагічнага мінулагодняга перыяду). Пастаўляюць «Жарабковічы» бараніну і на Бярозаўскі мясакансервавы камбінат. Гаспадарка не адмаўляецца ад свайго намеру развіць уласную вытворчасць далікатэснай прадукцыі: пабудаваць мясны цэх, наладзіць выраб аўчыны, адкрыць прадзільны і швейны цэхі, іншыя падсобныя промыслы.Чаму б і не?
У гэтыя дні на канюхоўскай ферме можна назіраць цікавую карціну. Направа ад аўчарні за агароджай прагульваюцца ў шыкоўных «футрах» адны тутэйшыя жыхары (ім вальготна на свежым паветры, у любы час можна паласавацца свежым сенам, а пры жаданні вярнуцца праз адчыненыя адтуліны назад у свае «кватэры»). Налева – адпачываюць паголеныя суседзі: нагульваюць руно і плюсуюць чарговыя кілаграмы.
Яшчэ адна важная акалічнасць гаспадарскага почырку: тэрыторыя фермы чыстая, дагледжаная, падкошаная – парадак ва ўсім.

ФАКТ

За дзень майстры абслугоўваюць 120-140 жывёл. У сярэднім на аднаго такога «кліента» адводзіцца каля 5-7 мінут. Для стрыжкі канюхоўскія стрыгальшчыкі выкарыс-тоўваюць спецыяльны інструмент нямецкай вытворчасці.
У залежнасці ад пароды, узросту, памераў жывёлы кожная з іх падчас стрыжкі губляе ад двух да дзесяці кілаграмаў воўны.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

За работай стрыгальшчык Аляксандр Калюбка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *