На пачастунак – ікра. З шампіньёнаў. Новай прадукцыяй пастаянна радуе сваіх пакупнікоў Ляхавіцкі кансервавы завод

Зусім нядаўна на паліцах фірменнага магазіна «Заводскі» кансервавага завода размясцілася навінка ў мініяцюрных слоіках – ікра не заморская, а мясцовая – з шампіньёнаў. Але не толькі ўпакоўкай прываблівае пакупнікоў новы від плодаагародніннай кансервацыі – яшчэ і выдатным смакам.

Менавіта такія водгукі можна пачуць ад тых, хто паспеў пакаштаваць грыбную ікру.
Дарэчы, варыцца яна па рэцэпце, распрацаваным спецыялістамі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Што тычыцца сыравіны, то шампіньёны вырашчаны ў Баранавіцкім раёне, а іншыя асноўныя інгрэдыенты (цыбуля і морква) – на падсобнай гаспадарцы нашага завода.
Першая партыя – пяць тысяч слоікаў па 0,28 літра кожны –адгружаны ў фірменны магазін, а таксама гандлёвыя кропкі «Верас». Зараз распрацоўваюцца новыя рынкі збыту. А пакуль варта паспяшацца і купіць слоічак-другі пачастунку: і гасцей парадаваць, і самім з апетытам паласавацца.
Дарэчы, аднымі з першых смачныя навінкі пакаштуюць ветэраны-завадчане, якія працавалі на прадпрыемстве на заслужаным адпачынку – ім наборы прадукцыі будуць уручаны да прафесійнага свята.
– Разумеем, каб задаволіць попыт  спажыўцоў, неабходна пастаянна падтрымліваць марку якаснай, карыснай і прымальнай па кошце прадукцыі. Трэба не толькі выпускаць правераны часам тавар, але не забывацца і пра навінкі. Акрамя ікры з шампіньёнаў, варым соус таматны па-сіцылійску, соус да спагеці з грыбамі. А да канца года запусцім выпуск яшчэ пяці найменняў кансерваванай прадукцыі. Паралельна вывучаем попыт не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Тым больш, што замежныя партнёры ўжо адчулі смак у нашай прадукцыі, – адзначае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук.
Самыя папулярныя сёлета кансервы – гэта сокі і нектары. Традыцыйна частку будучай сыравіны, якая ідзе на перапрацоўку, завадчане вырошчваюць у сваёй падсобнай гаспадарцы. Сёлета назапасілі па 300 тон кабачкоў і шчаўя, больш чым па 200 тон бульбы, морквы, цыбулі, чырвоных буракоў. Сезон кансервацыі ў разгары, работы хопіць да наступнага ўраджаю.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва «ЛВ».