Школьны прыём. Установы адукацыі Ляхавіцкага раёна здавалі экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года

 

Працяг. Пачатак ТУТ.

Днямі ўстановы адукацыі раёна здавалі экзамен спецыяльнай камісіі на гатоўнасць да новага навучальнага года. Галоўнае патрабаванне да кожнага аб’екта адукацыі – бяспека дзяцей.

14 жніўня. Дараўскі вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» гатовы сустрэць дзевяць дзясяткаў школьнікаў і дашкалят.
У класных пакоях зроблены касметычны рамонт – стараліся бацькі і калектыў школы. Тэрыторыя ўстановы аформлена з густам.
Кожны з правяраючых звяртаў увагу не толькі на сваю сферу, але і на агульную карціну: стан кабінетаў, калідораў, школьнага двара і стадыёна, сталовай і г.д. Асаблівая ўвага надавалася харчаблоку і спартыўным аб’ектам. Апошнія заўсёды аблюбаваны рабятамі. Таму ўмацаванасць спартыўнага абсталявання, інвентару і прыстасаванасць да заняткаў – найпершае патрабаванне ў правілах бяспекі. У спартзале праверылі вентыляцыю, асвятленне і іншыя паказчыкі.
Ці зачыняюцца на ключ раздзявальні ў час урокаў фізкультуры, дзе ўстаноўлена відэаназіранне – гэтыя і іншыя пытанні цікавілі старшага інспектара прафілактыкі РАУС Алену Васілевіч.
Пад пільным кантролем райЦГіЭ адпаведнасць санітарным патрабаванням мэблі, асвятлення. У харчаблоках цікавіліся станам тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, забяспечанасцю посудам, а таксама ўмовамі захоўвання прадуктаў, тэмпературай вады і г.д.
– Санслужба заўсёды на варце здароўя дзяцей. Вось і перад пачаткам навучальнага года правяраем у тым ліку і выкананне выдадзеных раней прадпісанняў, – адзначае ўрач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына.
Конькаўскі дзіцячы сад-школа сустракае кветнікамі і свежым рамонтам, выглядае абноўленым і гатовым прыняць дзяцей, якіх сюды кожную раніцу транспарт аддзела па адукацыі дастаўляе не толькі з навакольных вёсак, а і з Ураджайнай і Флер’янова. Установа мае багатую гісторыю і традыцыі. Тут да навучальнага года падрыхтаваліся. Але патрабуецца замена асфальтавага пакрыцця пляцовак і абнаўленне надворнага абсталявання, як і ў Дараўскім ВПК.
Памяшканне Конькаўскай школы пабудавана каля паўстагоддзя назад. Просіць рамонту харчаблок, хаця ў сталовай стаіць сучасная мэбля і кормяць рабят тут па-дамашняму. Падпісаны акты-дазволы на права эксплуатацыі спецыялізаваных кабінетаў і спартыўнай пляцоўкі, праблемы і прапановы абмеркаваны, камісія рухаецца далей.
У Ляхавіцкім дзіцячым садку № 4 нязвыкла ціха, толькі ў спальнях раздаюцца нягучныя галасы – выхаванцы рыхтуюцца да сну. У прывычным парадку расстаўлены цацкі, мэбля, кветкі, дыдактычны матэрыял. Яркай палітрай фарбаў расквечана кожная група. Усё тут зроблена з любоўю да дзяцей, дзеля іх камфорту і настрою.
Загадчыца дашкольнай установы Ларыса Бобер падкрэслівае: вельмі дапамагаюць садку бацькі, мясцовыя прадпрыемствы – лясгас, «Цвірко і К» і ДРБУ-200.
Усё зроблена з густам і ў гімназіі: і тэрыторыя, і ўнутранае аздабленне кабінетаў. Туі ў выглядзе розных фігур (заслуга бібліятэкара Анжэлы Івановіч), кветкі і экзатычныя расліны аформлены ў клумбы і горкі, дагледжаны сад – нічога лішняга. Класы аформлены ў спакойных колерах, на вокнах – жалюзі. Штогод капітальна рамантуюць па некалькі кабінетаў (у чарзе на поўную перазагрузку засталося менш за дзясятак). Майстарскі тынкуе, шпаклюе, фарбуе ад столі да падлогі рабочы гімназіі Андрэй Дыдышка. Гаспадыні кабінета самі толькі тон падбіраюць. Дарэчы, пакрытыя акрылавымі фарбамі паверхні больш практычныя, і на гэта робіць акцэнт спецыяліст санслужбы.
Дапамога бацькоў (актыўна працуе папячыцельскі савет), нераўнадушныя адносіны калектыву да добраўпарадкавання – і ўстанова адпавядае ўсім сацыяльным і санітарным стандартам. Адзінае, што пакуль не вырашана, – пытанне капітальнага рамонту сталовай.
– Сёлета з раённага бюджэту на капітальны рамонт у праграме падрыхтоўкі школ і дзіцячых садоў да новага навучальнага года выдзелена 225 тысяч рублёў, на бягучы – больш за 127 тысяч. Сярод абновак не толькі мэбля, але і станкі для вучэбных майстэрняў, швейныя машынкі, многае іншае. Пастаянна вядзецца работа па забеспячэнні пажарнай бяспекі. Лічу, аддзел і ўстановы адукацыі вынікова папрацавалі па стварэнні здаровых і бяспечных умоў для дзяцей. Вялікая заслуга ў тым і папячыцельскіх саветаў, прадпрыемстваў-шэфаў. Канешне, на гэтым работа не спыняецца, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.
Як паведамілі ў аддзеле, пашпарты гатоўнасці падпісаны ва ўсіх установах адукацыі раёна, акрамя Навасёлкаўскай СШ, дзе праходзіць капітальны рамонт сталовай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Экзамен трымае Дараўская школа

 

У сталовай Конькаўскага ВПК.

 

З густам аформлена тэрыторыя гімназіі.

Дараўскі ВПК

 

Конькаўскі ВПК

У гімназіі

 

 

 

One thought on “Школьны прыём. Установы адукацыі Ляхавіцкага раёна здавалі экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года

  • 17/08/2018 в 15:58
    Permalink

    Молодцы, сотрудники детского сада № 4. Так интересно оформлена территория! Уверена, что детки идут в такой сад с удовольствием! Хотелось бы, чтобы такая красота появилась и на территории детского сада № 2…..

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *