Ліпнянская праўда. Чаму гаспадарка, якой дзяржава дала істотныя прэферэнцыі, топчацца на месцы

Жывёлагадоўчы «пейзаж» па-ліпнянску.

Што ў каровы на сняданак і ўвогуле які рацыён жывёлы, якасць і колькасць назапашаных кармоў, надоі і прывагі, вытворчая і выканальніцкая дысцыпліна, эканамічны і кадравы складнікі, заработная плата, будаўніцтва і навядзенне парадку на аб’ектах КСУП «Ліпнянка» – пытанні, што разглядаліся ў мінулую сераду на выязной нарадзе на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама-начальнікам райсельгасхарчу Іванам Шматко. Да «Ліпнянкі» – увага пільная, такія адносіны тлумачацца тым, што гаспадарка знаходзіцца на асобым становішчы – так званым аздараўленні. Па сутнасці, дзяржава дазволіла сельгаспрадпрыемству пачаць з чыстага аркуша, без даўгоў, забяспечыла палівам і іншымі рэсурсамі: працуй сумленна, стварай трывалы запас, клапаціся не толькі пра сёння, але і пра заўтрашні дзень. Як такімі прэферэнцыямі скарысталася КСУП?

Пачнём з МТФ «Ліпск», паколькі тут утрымліваюцца «жывыя грошы». Маецца на ўвазе вытворчасць малака. Элементарны парадак наводзіць не закончылі. Лужыны не ад дажджу – так працуе сістэма гноевыдалення. Не ва ўсіх памяшканнях зашклілі вокны. Дырэктар КСУП Станіслаў Берташ тлумачыць сітуацыю недахопам сродкаў, а іх недахоп – нізкімі надоямі, (у сярэднім 10 літраў малака ад кожнай каровы, плюс літр да аналагічнага мінулагодняга перыяду).
Знак «мінус» можна паставіць амаль па ўсіх асноўных складніках: выхад цялят, аднаўленне статка, прывагі, нарыхтоўка кармоў і інш.
– Адкуль брацца высокім надоям пры невыкананні тэхналогіі вырошчвання, у тым ліку, кармлення жывёлы? Чаму заатэхнічная служба не працуе над паляпшэннем кармавой базы статка? Не будзе зацікаўленасці жывёлаводаў у больш эфектыўнай рабоце без ведання таго, з чаго складаецца іх заработная плата, – падкрэслівае Іван Шматко.
Сярэднясутачныя прывагі БРЖ у «Ліпнянцы» 546 грамаў – пры неабходных 800 грамах. У штодзённым меню статка адсутнічаюць соль, мел, фасфаты – асноўныя элементы для развіцця арганізма жывёлы. Адкуль брацца прывагам? Станіслаў Берташ расказвае пра 10-месячны запас кармоў. Аднак, падчас праверкі высветлілася: зерне, закладзенае на кармы і складзіраванае пад навесы, аказалася вільготным. І гэта пры сухім надвор’і на ўборцы.
Акрамя таго, на свае вочы ўбачылі, якое сена для кармлення нарыхтавана сёлета: шкада і цялятак, і кароў…
Прычынай многіх «мінусаў» з’яўляецца кадравае пытанне, дакладней, праблема. Вытворчыя паказчыкі работы жывёлаводаў ставяць пад сумненне прафесіяналізм і заатэхнічнай, і ветэрынарнай службаў гаспадаркі, і наогул калектыву фермы «Ліпск». Ігнараванне тэхналогіі вытворчасці прымушае гэту вытворчасць буксаваць. Адпаведная тут і заработная плата большасці жывёлаводаў – 300 рублёў у месяц.
У «Ліпнянцы» скардзяцца, што маладыя не хочуць сюды прыязджаць працаваць, хаця жыллё гаспадарка прадастаўляе. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Таццяна Кацуба адзначыла, што трэба быць зацікаўленымі ў маладых кадрах. Элементарна – наладзіць стасункі з Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам па мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў.
Усяго першы месяц працуе памочнікам загадчыка фермы нядаўні выпускнік ЛДАКа Маркус Кутас. Ці надоўга ён тут затрымаецца, невядома.
Яшчэ адзін прыклад негаспадарскіх адносін да справы. Больш за 130 кароў утрымліваецца на ферме ў Залужжы, якіх даглядаюць чатыры жывёлаводы. Чаму б увесь залужскі статак не перавесці на МТФ у Ліпску – месца хопіць. Памяшканне для рамонтных цялушак тут разлічана на 300 кароў – утрымліваецца толькі 200. Прыкладна такая ж карціна і ў кароўніках. Вось вам і эканомія паліва, якое расходуецца на падвозку кармоў, да таго ж вызваляцца і рабочыя рукі, неабходныя на іншых участках, акцэнтуе ўвагу кіраўнік райсельгасхарчу.
Іван Шматко падкрэсліў: за вытворча-эканамічны вынік нясуць адказнасць у першую чаргу дырэктар КСУП і спецыялісты. Райсельгасхарч і іншыя дапаможныя службы, накшталт райветстанцыі і райплемстанцыі, заўжды гатовы аказаць неабходную дапамогу.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *