Гарачы футбол

 

Гульня атрымалася гарачай. Але спякотнае суботняе надвор’е «вінавата» ў тым толькі ў самай апошняй ступені. Галоўнымі творцамі разыгранага на гарадскім стадыёне «Колас» эмацыянальна-відовішчнага шоу сталі людзі футбола: арганізатары турніру, балельшчыкі, канешне, каманды. Пры падтрымцы рэспубліканскай і еўрапейскай футбольных структур за арганізацыю чэмпіянату раёна адказваў Ляхавіцкі фізкультурна-спартыўны клуб.
Першае пасля ці не дваццацігадовага перапынку чэмпіёнства раёна на працягу лета разыгралі шэсць дружын: «Ляхавічок» з Ляхавіцкага малочнага завода, аграгарадка Падлессе, ЛДАКа, ДЮСШ, ААТ «Жарабковічы» і ФСК. Іменна дзве апошнія і спарынгавалі суботнім надвячоркам. Цана перамогі – чэмпіёнства. Хоць, дзеля дакладнасці адзначым, для заваявання тытула ФСКоўцам, якія мелі перад сапернікам ачковы задзел, дастаткова было б завяршыць гэты матч і ўнічыю. Але мірнага зыходу не атрымалася: на тры галявыя ўдары ФСК «Жарабковічы» адказалі тым жа толькі аднойчы. ФСК – чэмпіён раёна, які, дарэчы, па ходзе ўсяго спаборніцтва ні разу не дазволіў сябе абыграць. Сярэбраны кубак дастаўся жарабковіцкім футбалістам, бронзавы – камандзе ДЮСШ.
Каманда-пераможца сабрала і найбольш багаты ўраджай індывідуальных прызоў. Дзмітрый Пішч быў прызнаны лепшым абаронцам чэмпіянату, Максім Сліва – лепшым іграком сярэдзіны поля, Аляксандр Тарасеня выйграў бамбардзірскую гонку. Варатаром нумар адзін стаў Андрэй Свінабурка з Жарабковіч. Два індывідуальныя прызы атрымалі падлескую прапіску: за каманду аграгарадка выступаў лепшы нападаючы спаборніцтва Антон Новік і самы ўзроставы ігрок Уладзімір Таранда, які «размяняў» ужо залаты юбілей.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *