«Гнойнае» ўскладненне. Выдатнік павінен быць выдатнікам ва ўсім

 Пра зробленае па навядзенні парадку, пра стан падведамаснай ААТ «Жарабковічы» тэрыторыі рабіў справаздачу на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканка­ма дырэктар таварыства Антон Булаты. Пэўная работа ў гэтым накірунку праводзіцца, але не будзем пералічваць зробленае. Па-першае, таму, што гэта не нешта надзвычайнае, а абавязковае да выканання. Па-другое, таго, да чаго тут яшчэ рукі не дайшлі, таксама хапае. Тым больш, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, навядзенне парадку з на­ступным падтрыманнем павінна быць не разавай акцыяй, а пастаян­ным клопатам. Гэта справа гонару і кіраўніцтва, і ўсяго калектыву.

Інфармацыйныя і доказныя паведамленні з указаннем адрасоў, дзе «Жарабковічам» неабходна тэрмінова выпраўляць сітуацыю па прычыне яе «непарадкавасці», прагучалі ад прыродаахоўнай і санітарнай службаў раёна. У пе­раважнай большасці называліся засмечаныя тэрыторыі ля фермаў, на мехдварах, зараснікі пустазелля, шчодра прадстаўлены цэлыя міні-палігоны будаўнічых адходаў і ля цяперашніх вытворчых аб’ектаў, і ля рэшткаў колішніх. Натуральна, усё гэта пацверджана фотаздымкамі з натуры.

Галаўным болем тавары­ства з’яўляюцца старыя гное-накапляльнікі (напрыклад, ля Сваятыцкай фермы), якія разрасліся да «непрыстойных» памераў. Такое вось «гнойнае» ўскладненне. Гэты факт у пэўным сэнсе пагражае экалогіі і ў прамым – сведчыць пра неашчаднае стаўленне да зямлі ў гаспадарцы з вельмі высокай бальнасцю ўрадлівасці. Кожны квадратны метр можа і абавязаны быць уключаны ў сельскагаспадар­чы абарот. На што і звярнуў увагу кіраўнік раёна: хіба можна такую ўрадлівую глебу не выкарыстоўваць па прамым прызначэнні?! І даручыў дырэктару ААТ «Жарабковічы» не-адкладна заняцца вырашэннем гэта­га і іншых пытанняў, што ўваходзяць у транскрыпцыю парадку.

Правільным будзе ў сувязі з узнятай тэмай звярнуць увагу на ўласцівую многім, і не толькі жарабковіцкім, адрасам акалічнасць: для рашэння праблемы патрабуецца…праблема. А яна ў большасці выпадкаў з’яўляецца не сама па сабе, а па «ініцыятыве» канкрэтных аўтараў. Часцей за ўсё з-за нейкіх неда… – недаглядзелі, недаразлічылі, недарабілі, неда-думалі, недапрыбралі. Адным сло­вам, зноў вяртаемся да суб’ектыўнага фактара.

На апаратнай нарадзе вызначаны канкрэтныя тэрміны для таго, каб навесці парадак там, дзе гэта яшчэ не зроблена. Моцнае і трывалае ААТ «Жарабковічы» проста не мае права выглядаць недагледжаным нават у дробязях і тым больш – не ў дробязях. Выдатнік павінен быць выдатнікам ва ўсім.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *