Пра саламяныя «акцыі»і цукровабурачны старт

Яны ўжо не каласістыя і ў меншай ступені «галасістыя». Тым не менш, былыя збожжавыя палеткі працягваюць заставацца ў зоне пільнай увагі аграрыяў

Салома хоць і другасны, але таксама патрэбны, карысны, нават незаменны ў любой гас-падарцы палявы прадукт. З прычыны сёлетняй небагатай на салому сітуацыі кошт яе «акцый» яшчэ больш узрастае. Стаіць задача максімальна ашчадна, не адкладваючы ў доўгую скрыню, убраць і ўпарадкаваць вырашчанае. Па даных райсельгасхарчу, па стане на пачатак бягучага тыдня, з уборкай саломы аграрыі раёна падышлі да 80-працэнтнай мяжы. Тэмпы работ маюць важнае значэнне яшчэ і таму, што былыя збожжавыя палеткі неабходна ў нарматыўна сціслыя тэрміны «перазагрузіць» пад будучы ўраджай. Многія з іх, напрыклад, засеяны, а некаторыя праклюнуліся першымі далікатнымі парасткамі азімага рапсу. Іменна на гэту культуру быў зроблены апошнім часам пасяўны ўпор у гаспадарках раёна.
Аграрныя прадпрыемствы працягваюць рыхтаваць зямлю пад закладку будучага ўраджаю, праводзяць лушчэнне ржышча, уносяць «хімію», выконваюць комплекс іншых работ. Напрыклад, важнымі пунктамі з’яўляюцца назапашванне мінеральных удабрэнняў, вывазка і ўнясенне арганікі пад азімую сяўбу. Калі мінулагоднюю сітуацыю з наяўнасцю тукаў у сельгаспрадпрыемствах раёна прыняць за базу, то сёлетняя на аналагічную дату выглядае больш выгадна. Гэта ў цэлым, хоць азотны складнік мінусуе.
Канешне, корманарыхтоўка. Яна як пачалася позняй вясной, так і працягвае заставацца ў фокусе ўвагі вяскоўцаў. І няма ніякага фокуса ў тым, што на багацце і якасную разнастайнасць зімовага стала жывёлы аграрыі працуюць усімі магчымымі сіламі. На гэты час касьбу траў другім укосам завяршылі або выйшлі на фінішную прамую большасць сельгасарганізацый. Некаторыя пастараліся нават не на 100, а заметна больш працэнтаў. Сярод такіх «Нача», «Жарабковічы», «Ляхавіцкі», райаграсэрвіс, «Востраў-Агра». З гэтай дастаткова прывабнай «зялёнай» карціны выбіваецца хіба толькі КСУП «Тальмінавічы», якое асвойвае пакуль першую трэць другаўкоснай дыстанцыі.
На бягучы момант аграрыі раёна паклалі ў запаснікі больш за 4500 тон сена. Вынік пераўзыходзіць аналагічны леташні, але недацягвае да гадавой прагнознай лічбы. Сенажу маем больш за 62000 тон. У тым ліку, нарыхтаванага з выкарыстаннем кансервантаў, упакаванага ў стрэйч-плёнку. Канешне, гэта яшчэ далёка не фініш: напрыклад, хутка кармавыя запасы пачнуць «даафармляцца» за кошт убранай на сілас кукурузы. І іншае.
У той жа час, гарантавана «даспець», у поўным аб’ёме і на працягу ўсяго перыяду захоўвання заставацца якаснымі, кармавыя закладкі могуць толькі пры ашчадным выкананні тэхналогіі. Значэнне маюць дакладнасці ўборкі, трамбоўкі, стану сянажна-сіласных траншэй. Пра так званыя курганы размова не вядзецца – толькі траншэйныя закладкі. Але пакуль задачу па ўвядзенні ў строй новых кармавых траншэй гаспадаркі раёна не выканалі і напалову.
Адзначым і хуткі старт уборкі цукровых буракоў. Раённая плантацыя салодкага кораня складае 1700 гектараў. Як і раней, яго традыцыйнымі раённымі вытворцамі выступаюць ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», райаграсэрвіс. Каманду на ўборку караняплоду дасць першая дэкада верасня.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *