Прыемна. Узаемна

Прывычна, калі ў зале гарадскога Дома культуры гучаць апладысменты: канцэрты і выступленні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, артыстаў тут прывычная справа. Бываюць і ўрачыстыя мерапрыемствы.
А ў мінулую сераду ў ГДК праходзіла сустрэча ў новым фармаце старшыні раённага Савета дэпутатаў Леаніда Калбаса з ляхавічанамі. Такі дыялог адбыўся, можна сказаць, упершыню. І, мяркуючы па настроі яго ўдзельнікаў, працяг будзе.

Паўгода прайшло, як прыступіў да работы дэпутацкі корпус дваццаць восьмага склікання. Асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, дні Саветаў, выступленні ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп – гэтыя формы работы актыўна выкарыстоўваюць народныя абраннікі. Дэпутаты райсавета, як і кіраўнікі розных службаў, арганізацый і ўстаноў удзельнічалі і ў сустрэчы, што адбылася ў ГДК.
Леанід Калбаса расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна. Акцэнт зрабіў на стварэнні новых вытворчасцей, працаўладкаванні, росце заработнай платы, пенсіённым забеспячэнні, дарожным абслугоўванні, павышэнні турыстычнай прывабнасці Ляхавіччыны і іншых пытаннях. Дарэчы, жывы інтарэс у аўдыторыі выклікала абмеркаванне прапановы «ЛВ» разабрацца, колькі ўсё ж гадоў нашым Ляхавічам?
Усе жадаючыя маглі задаць кіраўніку дэпутацкага корпуса свае пытанні. Што хвалюе землякоў?
Стан дарог, добраўпарадкаванне, рамонт шматпавярховак, экалагічная сітуацыя, звязаная ў тым ліку з работай ачышчальных збудаванняў, налічэнне і памер пенсій, дэмаграфічная сітуацыя – далёка не поўны пералік пытанняў, якія задавалі старшыні райсавета дэпутатаў выбаршчыкі. На некаторыя адразу атрымлівалі адказы, іншыя патрабуюць больш дакладнага вывучэння – без увагі не застанецца ні адно.
– Пачуць праблему чалавека, вывучыць яе, паспрыяць вырашэнню – бадай, галоўнае ў рабоце са зваротамі грамадзян. Справа гонару для дэпутатаў любога ўзроўню – дапамагчы ў вырашэнні пытання, што ўздымаюць выбаршчыкі. І не столькі важна, датычыцца гэта асабіста чалавека, напрыклад, пенсіённая тэма, ці хвалюе многіх – накшталт уладкавання дарог. Сённяшні фармат, думаю, будзем выкарыстоўваць штоквартальна, і не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах, – падкрэсліў Леанід Калбаса.
Арганізаваў гэту патрэбную сустрэчу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Галоўны спецыяліст аддзела Ларыса Юшкевіч зазначыла, што мэта сустрэчы – канструктыўны дыялог улады з насельніцтвам. І гэта атрымалася, землякі былі актыўнымі, уздымалі надзённыя пытанні, таму, бясспрэчна, такая практыка будзе прадоўжана.
Галіна КАНЬКО.

ПРАШУ СЛОВА!

Святлана ЯКУБОЎСКАЯ, дэпутат райсавета:
– Спадабаўся фармат сустрэчы, як і атмасфера –добразычлівая і ў той жа час дзелавая. Для дэпутатаў гэта выдатная магчымасць з першых вуснаў пачуць, што найбольш хвалюе землякоў. Прыемна, што сёння прыйшло нямала педагогаў, якіх цікавяць не толькі асабістыя праблемы.
Марына ПІВАВАР, настаўніца гімназіі:
– Шчыра кажучы, думала, што на сустрэчу прыйдзе некалькі чалавек. Аказалася, у нашым горадзе куды больш неабыякавых, нераўнадушных і ініцыятыўных людзей. Мы з калегамі ўзнялі пытанне добраўпарадкавання тэрыторыі гімназіі. Адказ старшыні райсавета Леаніда Калбаса і начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай нас задаволіў.
Сцефаніда ЗВАНКО, пенсіянерка:
– Прыехала з вёскі. Не заўсёды атрымліваецца запісацца на прыём ці патэлефанаваць на прамую лінію. А тут выдатны шанц сустрэцца з многімі дэпутатамі без папярэдняга запісу. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю? Мяне цікавіла некалькі пытанняў. Ад імя жыхароў вёсак Пашкоўцы і Грушаўка спытала, калі, у рэшце рэшт, зробяць дарогу на Грушаўку. Леанід Калбаса паведаміў, што гэта запланавана на 2019 год. А таксама мне параілі звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва за прызначэннем адраснай сацыяльнай дапамогі, каб зрабіць рамонт у кватэры, дзе жыве мой сын-інвалід. Дзякуй уладзе і дэпутатам за разуменне і дапамогу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *