Плённы сезон круглы год. Гэта пра СВК «Ляхавіцкі» і яго руплівых працаўнікоў

Сёння цёзка раёна па поўнай праграме пад дыктоўку верасня ўвасабляе ў жыццё прымаўку «восень – работ восем». Гэта толькі здаецца, што асноўныя клопаты вяскоўцаў прыпадаюць на жніўны час. Ні ў якім разе не адмаўляючы «момант ісціны», наступныя серыі сюжэта таксама напоўнены дынамізмам і лёсавызначальнасцю. У СВК «Ляхавіцкі» гэта ведаюць дакладна, таму палёгкі ці другасных адносін да сезонных работ не дазваляюць. Старшыня гаспадаркі Іван Вітко хоць у жніво, хоць падчас уборкі другога хлеба ці ў разгар сенажаці зранку да вечара ў вытворчых справах – на палях, фермах, мехдварах і толькі пасля гэтага ці паміж гэтым – у кабінеце. Вось засталі яго на кукурузным полі, і, мяркуючы па ўсмешцы, старшыня задаволены тым, якой урадзіла каралева палёў – баскетбольнага росту, з важкімі пачаткамі – любата!

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.

Вадзіцель Сяргей Кабушка.

Камбайнер Алег Шклянік.

Вадзіцель Сяргей Хлапянік.

Дарэчы, гэта «любата» ў СВК «Ляхавіцкі» дае з гектара па 470 цэнтнераў зялёнай масы (убралі больш за 65 працэнтаў плошчаў). Гаспадарка адзіная ў раёне ўжо ўбірае кукурузу на зерне і можа радавацца, што на круг атрымлівае па 100 цэнтнераў. Па стане на мінулы аўторак на зерне ўбралі больш як трэцюю частку са 105 кукурузназерневых гектараў.
Бульбаводчая эпапея СВК практычна не адрозніваецца ад тых, што былі ў папярэднія гады. Ужо накапалі 711 тон, і кожны гектар «важыць» 323 цэнтнеры адборных, чысценькіх, апетытных клубняў. «Ляхавіцкі» і з другім хлебам сябруе пры поўнай узаемнасці!
Адзначым, што на гэты момант тут вывезена з палёў уся салома, што глеба рыхтуецца пад сяўбу азімых, што поўнасцю пабудавана і запоўнена новая сіласная траншэя і заканчваюцца работы на другой, што рагулі са статка гаспадаркі самыя ўдойныя ў раёне, што на мехдвары ўзорны парадак, што… Працягваць расказ пра «работ восем» у гэтай гаспадарцы можна яшчэ і яшчэ. Як жа прыемна, што гэты адрас вытворчага парадку – ляхавіцкі і «Ляхавіцкі». І што яго аўтары і дзеючыя асобы – руплівыя працаўнікі гаспадаркі, якая носіць імя раёна.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *