Прыемнага апетыту, хлебаробы! Як арганізавана харчаванне хлебаробаў у Ляхавіцкім раёне

Сталоўка на колах прыязджае на палявы стан строга па графіку: на ўборцы ўраджаю кожная хвіліна дарагая, таму перапынак на прыём ежы не зацягваецца. На якім бы ўчастку ні шчыравалі працаўнікі ААТ «Жарабковічы», абеды і падвячоркі дастаўляюцца са сталоўкі гаспадаркі ў Канюхах літаральна з полымя, з жару. За шмат гадоў загадчык сталоўкі Ганна Барташэвіч вывучыла апетыты і смакавыя прыхільнасці механізатараў, але ўсё ж абавязкова цікавіцца, якія стравы найбольш падабаюцца, што новенькага жадаюць пакаштаваць. Работнікі сталоўкі гатуюць з любоўю, разумеюць, што ад ежы залежаць і сіла, і настрой удзельнікаў жніва.

– Штодня з сямі гадзін раніцы пачынаем смажыць, варыць, пячы. Сёлета гатуем для сваіх хлебаробаў у сярэднім каля 400 абедаў у дзень і амаль столькі ж падвячоркаў. Стараемся разнастаіць меню, каб стравы былі смачнымі, не горш, чым дома, – расказвае Ганна Барташэвіч.
Кіраўніцтва «Жарабковічаў» надае істотную ўвагу арганізацыі харчавання. Штогод абнаўляецца посуд, абсталяванне ў сталоўцы. Транспарт для перавозкі страў (на сёння такіх адзінак чатыры) таксама абсталяваны ўсім неабходным.
– Часткай прадуктаў сталоўку забяспечвае сельгаспрадпрыемства, астатняе закупляем у фермераў, райпо… Як і ў папярэднія гады, тыя, хто харчуецца ў полі, плацяць за два прыёмы ежы ў дзень сімвалічную суму – усяго 10 капеек. Самае галоўнае, што няма нараканняў ад работнікаў на прыгатаваныя ў сталоўцы стравы, – удакладняе намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.


Сур’ёзны падыход да арганізацыі харчавання на жніве і ў ААТ «Шлях новы». Штодзень дастаўляецца на поле, зернетакі ў розныя кропкі раёна (гаспадарка займае значную плошчу і раскідана па тэрыторыі некалькіх сельсаветаў) у сярэднім 100 абедаў і крыху менш падвячоркаў са сталоўкі прадпрыемства. Для тых, хто шчыруе ў начную змену (работнікі зернетакоў, вадзіцелі аўтобусаў), ёсць і трэці прыём ежы – вячэра. Стравы едуць на спецыяльна абсталяваных аўтамабілях прама ў поле ці на зернетакі. Захоўваюцца ўсе санітарныя патрабаванні: стравы – у тэрмасах, посуд – у кантэйнерах, для мыцця рук – вада ў бідонах, сурвэткі.
– Некалькі гадоў сталоўка было закансервавана. Летась зрабілі рамонт, даўкамплектавалі ўсім неабходным і сёлета ўжо кормім аграрыяў. У абавязковым парадку маніторым і якасць харчавання, і тое, ці задавальняюць абеды людзей. Асноўныя траты –  90 працэнтаў ад агульнага кошту – бярэ на сябе гаспадарка, работнікі аплачваюць толькі 10 працэнтаў, у сярэднім атрымліваецца адзін рубель у дзень. Імкнёмся набываць прадукцыю напрамую ў прадпрыемстваў–вытворцаў, напрыклад, на птушкафабрыцы «Дружба», Ляхавіцкім кансервавым і малочным заводах, у райпо, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Шлях новы» Таццяна Гатоўчыц.


Курыруе хлебаробскае меню старшы повар Іна Грушавая. Акрамя яе, у сталоўцы працуюць яшчэ адзін повар і два кухонныя работнікі. У поварскай каманды працоўны дзень пачынаецца ў сем гадзін раніцы.
– Рытм адразу задаём высокі, каб паспець нагатаваць да адвозу ў поле. Канешне, прыемна, калі чуем ад тых, хто шчыруе ў полі, словы падзякі, для нас важна, каб хлебаробы былі задаволены. Стараемся рабіць меню разнастайным. Вось, напрыклад, расклад аднаго дня: на абед прапануем суп з фасолі, грэцкую кашу, каўбасу дамашнюю, агуркі салёныя, кампот, хлеб. На падвячорак – ячную кашу, сасіскі, морс, батон, хлеб, – расказвае Іна Грушавая.
А вось і меркаванне таго, хто харчуецца ў сталоўцы пад адкрытым небам.
– Як гаспадыня, як спажывец пастаўлю добрую адзнаку поварам са сталоўкі. Такой жа думкі прытрымліваюцца і іншыя хлебаробы. Дзяўчаты стараюцца. Заразумела, цяжка з дня ў дзень прыдумваць нешта новае, тым больш у такой колькасці. Мне падабаюцца супы, кампоты, катлеты – усе свежае і апетытнае, – гаворыць начальнік участка № 2 ААТ «Шлях новы» Людвіка Піліпчык.
З рэстарана «Ластаўка» шматлікімі маршрутамі па палях раёна двойчы на дзень спяшаюцца абеды і падвячоркі ў СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача»,
СУП «Ліпнянка», у сярэднім каля 100 абедаў і каля паўсотні падвячоркаў.
– Рады, што гэтыя сельгаспрадпрыемствы даверылі нам харчаванне сваіх работнікаў. Таму стараемся дагадзіць і па разнастайнасці, і па смаку. Порцыі немалыя. Напрыклад, мясная страва – 250-300 грамаў. Кожны раз цікавімся, ці спадабаўся абед. Прадуктаў у нас дастаткова, тычыцца гэта і садавіны, і агародніны, хлебабулачных вырабаў. У рэстаране гатуем, а сельгасарганізацыі на сваім транспарце забіраюць стравы, – адзначае майстар-повар «Ластаўкі» Ніна Жыжа.
Дарэчы, у «Ляхавіцкім» і «Начы» не першы год прапрацоўваюцца пытанні адкрыцця ўласных аб’ектаў грамадскага  харчавання, што не толькі палепшыць якасць харчавання тутэйшых работнікаў, але і паспрыяе паляпшэнню абслугоўвання вяскоўцаў.
Адрэгулявана да дробязяў арганізацыя харчавання работнікаў у ЗАТ «Белпрампрыбор». У сталіцы сёлетніх раённых «Дажынак» – Галаўнінцах – у сталоўцы гаспадаркі стараюцца смачна накарміць тых, хто ад ранку да вечара ў полі.
Арганізацыя харчавання на кантролі не толькі санітарнай службы, але і прафсаюзаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.