Выбіраю ляхавіцкае. Не так шмат у нашым раёне жанчын-кіраўнікоў. Сафія Болтуць – адна з іх, другі год узначальвае мясцовы кансервавы завод

Не так шмат у нашым  раёне жанчын-кіраўнікоў. Сафія Болтуць – адна з іх, другі год узначальвае мясцовы кансервавы завод.
…Дзяўчына з Мазурак сваю будучую прафесію звязвала са спажыўкааперацыяй, але не склалася адразу
пасля школы паступіць у інстытут. І Соня пайшла працаваць, трэба было дапамагаць маме падымаць братоў і сястрычак: у мнагадзетнай сям’і Коршунаў раслі шасцёра дзяцей.

На хлебазавод непаўналетніх не бралі, таму ўладкавалася на кансервавы. Шчыра скажу: асаблівага захаплення тады гэта ў мяне не выклікала. Але вельмі хутка пераканалася, што менавіта гэта – маё, – расказвае Сафія Чаславаўна.
За 37 гадоў яна зрабіла зайздросную кар’еру – ад сартавальніцы да кіраўніка. Атрымала вышэйшую адукацыю. Навучылася гатаваць салянкі, салаты, варэнне, павідла і шмат іншай кансерваванай прадукцыі, распрацавала рэцэптуру мноства смачных страў. Кіравала спачатку лабараторыяй і цэхам, а цяпер –
усім заводам, на якім працуе больш за 130 чалавек.
Кансервавы – адно з лепшых прадпрыемстваў у нашым раёне. Яго прадукцыя – а гэта больш за 170 найменняў – на складзе не залежваецца. Натуральная, прыгатаваная з экалагічна чыстай сыравіны (немалая частка вырошчваецца на палях уласнай падсобнай гаспадаркі), яна запатрабавана і ў айчынных, і ў замежных спажыўцоў. Цікавяцца ляхавіцкай вытворчасцю і замежныя інвестары, у прыватнасці з Польшчы і Кітая. Днямі прыязджалі прадстаўнікі дзелавых колаў Паднябеснай. Ім спадабаліся кансервы мясцовай вытворчасці і яны выказалі пажаданне бачыць іх на паліцах сваіх магазінаў.
Каб выходзіць на больш высокі ўзровень, у тым ліку на міжнародны, нашаму прадпрыемству патрабуецца мадэрнізацыя – задача нумар адзін для ўсяго калектыву, – дзеліцца планамі дырэктар.
Гэты год для Сафіі Болтуць асаблівы: першы, які яна пачала на пасадзе дырэктара. Сёлета яе абралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Сафія – значыць мудрая. А Сафія Чаславаўна яшчэ і любячая жонка, мама, бабуля. І, у адрозненне ад строгага вобраза кіраўніка, дырэктар кансервавага – прывабная, абаяльная, са шчырай усмешкай.
Якім бы напружаным ні быў працоўны дзень, вечарам яна з нецярпеннем спяшаецца дамоў, дзе яе так чакае самы галоўны і самы любімы чалавечак, шчасце і радасць – унучка Сафійка, якой толькі годзік…
– Бясконца магу прызнавацца ў любві да сваёй малой радзімы. Ганаруся, што працую на кансервавым заводзе і, канешне, нашым калектывам, – прызнаецца Сафія Болтуць і дадае: – Я выбіраю ляхавіцкае!
З юбілеем, Сафія Чаславаўна!
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *