Рэспубліка цікавых спраў у летніку «Чайка»

Здаецца, зусім нядаўна адгрымелі  развітальныя пазыўныя, якія абвясцілі закрыццё 2-й  змены ў аздараўленчым лагеры «Чайка». У мінулую пятніцу адбылося ўрачыстае, з мноствам гасцей, адкрыццё 3-й змены ўсімі любімага летніка. З першых гадзін знаходжання ў маляўнічым куточку Ляхавіччыны, дзе ўсе рады адзін аднаму,  хлопчыкі і дзяўчынкі акунаюцца ў атмасферу прыгод, знаёмстваў, незабыўных уражанняў і запамінальных мерапрыемстваў.

Дзіву даешся, колькі цікавых ідэй і невычарпальнай энергіі ў вопытных і маладых  педагогаў, якія  летам у якасці важатых і выхавальнікаў працуюць у «Чайцы». А аптымізму, натхненню, актыўнасці начальніка лагера Надзеі Патапчык і ўвогуле варта пазайздросціць. Кожны з 18 дзён для рабят з атрадаў «Кеды», «Адыдас», «СОС», «Смайл», «Альтаір», «Вялікае княства» поўны прыгод, конкурсаў, гульняў, спаборніцтваў, выпрабаванняў, сюрпрызаў. Што і пацвердзіла ўрачыстае адкрыццё  3-й змены, якая называецца «Рэспубліка цікавых спраў».

Пазітыўнага, незабыўнага адпачынку рабятам пажадалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Леанід Калбаса, яго намеснік Марыя Саракавік, начальнік лагера Надзея Патапчык.  А потым па традыцыі была багатая на сюрпрызныя моманты канцэртная праграма, дзе кожны адпачываючы мог раскрыць свае таленты. Наперадзе амаль цэлая змена — час выдатна адпачыць. І дапамогуць рабятам у гэтым іх старэйшыя сябры-педагогі. Дарэчы,  Наталля Хлапянік, Алена Бычкоўская, Святлана Сокал,  Кацярына і Аляксандр Жукоўскія разам са старшым выхавальнікам Вольгай Прыхач працавалі ў «Чайцы» і падчас 2-й змены.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *