Дзверы трэба зачыняць

Трывожная тэндэнцыя: колькасць крадзяжоў з жылых памяшканняў вырасла амаль удвая ў параўнанні з мінулым годам. Сярод усіх злачынстваў практычна кожнае другое – крадзеж.

Аналіз крымінальных спраў сведчыць, што ўласнікі не заўсёды належным чынам ставяцца да захаванасці сваёй маёмасці: пакідаюць незачыненымі дамы і кватэры, ставяць веласіпеды ў памяшканнях, якія не ахоўваюцца і г.д.
Пры падтрыманні дзяржаўнага абвінавачвання ў судах пракурорскімі работнікамі ўстанаўліваюцца факты безадказнасці ўласнікаў, што становіцца прычынай учынення такіх злачынстваў.
Так, 28 чэрвеня суд Ляхавіцкага раёна разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні беспрацоўнага жыхара в. Мыслабаж, раней 10 разоў судзімага, які днём 26 красавіка зайшоў у незачыненае памяшканне падвала шматкватэрнага дома па вул. Будаўнікоў у райцэнтры, адкуль украў пакінуты без нагляду веласіпед.
10 мая прыгаворам суда Ляхавіцкага раёна быў асуджаны за ўчыненне аналагічнага злачынства работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна, які 14 лютага зняў незачынены навясны замок з уваходных дзвярэй дома ў в. Рагачы і ўкраў прадукты харчавання. Пацярпелая патлумачыла, што перад выхадам з дома на работу проста накінула замок на завесы дзвярэй і не закрывала яго.
У большасці выпадкаў злачынцы практычна адразу пасля ўчынення крадзяжоў прадаюць украдзенае за сімвалічную плату. Устанавіць месца знаходжання ўкрадзенай маёмасці бывае не проста. Тым не менш, нельга не адзначыць, што ўся яна будзе ў далейшым па рашэнні суда вернута ўласніку, а гора-пакупнікі застануцца ні з чым.
Аляксей ШЧАРБАКОЎ,
намеснік пракурора.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *